Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зага́дваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да загадаць ​1.

2. чым. Кіраваць установай, распараджацца чым‑н. Бацька.. быў чыгуначнікам, маці — загадвала дзіцячым садам, жылі ў дастатку, дружна. Ваданосаў. Усім скаромным загадвае старая. Крапіва.

зага́дваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загадаць ​2.

зага́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад загадзіць.

зага́джвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да загаджваць.

зага́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загадзіць.

зага́дзіцца, ‑іцца; зак.

Разм. Забрудзіцца, запэцкацца.

зага́дзіць, ‑га́джу, ‑га́дзіш, ‑га́дзіць; заг. зага́дзь; зак., што.

Разм. Забрудзіць нечыстотамі, адкідамі. Марк паскардзіўся Шурку, што паліцаі на пляжы мыюць коней і так загадзілі ўсё навокал, аж пакупацца нельга. Васілеўская.

загадзі́ць, ‑гаджу́, ‑го́дзіш, ‑го́дзіць; зак., каго.

Разм. Задобрыць чым‑н., выклікаць прыхільнасць. Будавацца трэба, дык трэба загадзіць ляснічага. Пестрак.

за́гадзя, прысл.

Зараней, наперад. Не за гарамі была гарачая пара сяўбы. І людзі загадзя рыхтаваліся да яе. Курто. [Аленка] загадзя сабрала свае кнігі.. і чакала дня ад’езду. Колас.

зага́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Кароткае іншасказальнае апісанне якога‑н. прадмета, з’явы, якія трэба пазнаць, адгадаць. Адгадаць загадку. □ Нам Пятро спачатку Загадаў загадку: Мой кравец заўсёды колкі, Бо на ім тырчаць іголкі. Грахоўскі.

2. перан. Пра што‑н. складанае, заблытанае, незразумелае, што патрабуе разгадкі, тлумачэння. [Багуцкі] заставаўся загадкай для камісара гестапа. Лынькоў. Чулася людзям загадка, якая не адзін дзень, не адзін тыдзень вісела над імі, над усім сялом, невядома што зычыла. Мележ. Жыццёвы і творчы шлях Баршчэўскага поўны супярэчнасцей і загадак. Мальдзіс.

зага́дкавасць, ‑і, ж.

Уласцівасць загадкавага. А зямля ляжыць вакол.., поўная загадкавасці, вабіць сваёй блізкасцю, дражніцца сваімі багаццямі. Галавач.

зага́дкавы, ‑ая, ‑ае.

Незразумелы, непазнаны, таямнічы. Загадкавы чалавек. Загадкавыя паводзіны. □ Загадкавая ўсмешка даўно сышла з начальніцкага твару, пасур’ёзнеў ён, нахмурыўся. Лынькоў. Гэта былі ўжо не кусты і не дрэўцы, а загадкавыя белыя здані, ні на, што не падобныя. Чарнышэвіч.