падра́дчыцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да падрадчыка. Падрадчыцкае прадпрыемства.
падраён, ‑а, м.
Частка раёна, падпарадкаваная ў якіх‑н. адносінах раёну. На тэрыторыі Беларусі вылучаюць тры кліматычныя раёны: паўночны, сярэдні і паўднёвы.. Сярэдні раён падзяляецца ў кліматычных адносінах на два падраёны: заходні і ўсходні. Прырода Беларусі.
падра́жніванне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падражніваць, падражнівацца.
падра́жнівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Дражніцца час ад часу. То той, то другі з гасцей стараліся памагчы настаўніцы ўзяць за вуха непакорлівага, але ён вылузваўся, уцякаў і падражніваўся: — Кароткія ў вас рукі. Колас.
2. Даваць падставу каму‑н. спадзявацца на што‑н. [Рымша:] — Ён, мусіць, толькі з ёю падражніваецца, а сам цэліць да Загароўскай падабрацца... Гурскі.
падра́жніваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.
Разм. Дражніць час ад часу. Крапіўся Мартын, падражніваў Аўгіню Васілём. Колас.
падражні́цца, ‑дражнюся, ‑дражнішся, ‑дражніцца; зак.
1. Дражніцца некаторы час. [Брыгадзір:] — Бывала, нас, малых, так і цягнула залезці ў папоўскі сад, падражніцца з папоўскімі сабакамі. Якімовіч.
2. Даць падставу каму‑н. спадзявацца на што‑н. Грыша зразумеў, што ў калекцыі Валіка такой этыкеткі няма, і вырашыў падражніцца. — Што дасі? Фабрыка «Маяк». Жычка.
падражні́ць, ‑дражню, ‑дражніш, ‑дражніць; зак., каго.
Дражніць некаторы час. Аднаго пасіўнага наглядання Лабановічу было мала: яму хацелася пагутарыць з пісарам і падражніць яго кадэтамі. Колас. «Ну, а з чаркай як жа справа? Падражнілі толькі хіба? Ператоркаю ўсе кнопкі, А не выйду я без стопкі». Крапіва.
падраза́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. падразаць — падрэзаць (у 1, 2 і 5 знач.).
падраза́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да падразаць.
падраза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падрэзаць.