запячы́ся, ‑пячэцца; пр. запёкся, ‑пяклася, ‑лося; зак.
1. Пакрыцца скарынкай пры гатаванні ў печы, у духоўцы. Каша добра запяклася.
2. Загусцець, засохнуць (пра кроў). Рана была неглыбокая, але ўжо забруджаная. У бот пацякла кроў, запяклася. Шамякін.
3. Перасохнуць ад смагі, патрэскацца (пра вусны). Засмаглі вусны і запёкся рот. Дубоўка.
запяя́ць 1, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак., што.
Разм. Тое, што і запець 1.
запяя́ць 2, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак., што.
Разм. Пачаць пяяць.
зара́, ‑ы; мн. зо́ры, зор і зо́раў; ж.
1. Яркая афарбоўка гарызонта пры захадзе і ўсходзе сонца. Вячэрняя зара дагарала на захадзе, і водбліскі яе адлюстроўваліся на воднай роўнядзі далёкіх сажалак. Чарнышэвіч. Шуст спяшаўся, бо на ўсходзе ўжо разлівала ружовасць ранішняя зара. Шчарбатаў. // Час перад усходам або захадам сонца, калі гарызонт набывае такую афарбоўку. Ён выедзе досвіткам сінім Араць свой загон на зары. Панчанка.
2. перан.; чаго. Пачатак, зараджэнне чаго‑н. (новага, радаснага і пад.). На зары цывілізацыі. □ Я цяпер без багацця багаты на зары квітнеючых дзён. Дудар.
3. звычайна мн. (зо́ры, зор і зо́раў). Зорка. Першыя зоры ўжо замігацелі то там, то сям у бяздонным небе. Колас.
•••
Ад зары (і) да зары; з зары да зары — а) увесь дзень, з раніцы да вечара. — Няма часу, каторы дзень ад зары да зары за касой на сенакосе. Машара; б) усю ноч, з вечара да раніцы. У кожнага салаўя, Ад зары да зары, Песня непаўторная. Танк.
Ні свет ні зара гл. свет.
зарабі́цца, ‑раблюся, ‑робішся, ‑робіцца; зак.
Разм.
1. Тое, што і запрацавацца.
2. Запэцкацца, вымазацца чым‑н. — Каб і твой тата працаваў у кузні ды браўся за вуголле, таксама зарабіўся б у сажу. Чарот.
зарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што, чаго і без дап.
1. Набыць работай, атрымаць за работу; запрацаваць. Зарабіць працадзень. □ Пярэчыць Міця не мог. Ён першы згадзіўся з Косцем наладзіць пераправу цераз раку, каб зарабіць грошай. Курто.
2. Разм. Заслужыць, атрымаць за сваю дзейнасць. Зарабіць падзяку. Зарабіць пяцёрку па геаграфіі.
3. Разм. Падвергнуцца фізічнаму ўздзеянню, пакаранню. Зарабіць па руках. Зарабіць па карку. Зарабіць бізуна.
•••
Зарабіць на арэхі (на абаранкі) — заслужыць пакаранне за якую‑н. правіннасць.
Зарабіць, як Заблоцкі на мыле — пацярпець няўдачу, страціць больш, чым атрымаць карысці (у якой‑н. справе, гандлёвай здзелцы і пад.).
зарабля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да зарабіцца.
2. Зал. да зарабляць.
зарабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да зарабіць.
зарабо́так, ‑тку, м.
1. Плата за работу. Месячны заработак. □ Шахцёрам лягчэй стала працаваць, а заработак іх прыкметна павялічыўся. Кулакоўскі.
2. часцей мн. (зарабо́ткі, ‑аў). Праца па найму са здзельнай аплатай. Усю зіму ездзіў Даніла ў заработкі. Пальчэўскі.
зарабо́тны, ‑ая, ‑ае.
У выразе: заработная плата гл. плата.