патыха́ць, ‑ае; незак.
1. Слаба дзьмуць, веяць (пра вецер). Вокны былі расчынены. Знадворку патыхаў цёплы ветрык, ледзь-ледзь калышучы фіранкі. Сабаленка. / у безас. ужыв. Вечарэла. Ад возера патыхала лёгкім халадком. Пестрак. Дзень быў ясны, трохі нават гарачы, ад чыстага асфальту патыхала цяплом. Кулакоўскі. Ад снапоў крыху патыхала зляжалай саломай, амаль няўлоўным водарам летняга поля і кветак. Савіцкі.
2. чым. Вылучаць нейкі пах; пахнуць. Дрэмлючы чуў [Павал], як пахла ў хаце новымі ботамі — дзёгцікам патыхаюць боты. Чорны. А з бору цёплая сасна Жывіцай патыхала. І. Калеснік. / у перан. ужыв. Нялёгка добрым быць, хоць нам не трэба Ні лёгка запрацаванага хлеба, Ні танных поспехаў, ні скідак, ні удач, Ні вырашаных іншымі задач, Ні тых пахвал, што лёгка раздаюцца Сябрамі за абедзенным сталом, Ні плётак, што вужакамі віюцца І патыхаюць зайздрасцю і злом. Грахоўскі. Нізка стаяла асенняе сонца, і нейкаю маркотаю патыхала ад усяго гэтага цеснага краявіду і ад гэтае вёсачкі, закінутай між балот і лясоў. Колас.
паты́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Тыцкацца некаторы час; тыцнуцца некалькі разоў. І дзіця, мабыць, адчула ласку — яно патыцкалася, патыцкалася тварыкам у цвёрдыя Галіны грудзі і заснула. Сабаленка.
паты́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Тыцкаць некаторы час; тыцнуць некалькі разоў. А ваўкі патыцкалі пысамі ў спіну, чмыхнулі і, не зачапіўшы ні Анастассі, ні Алёнкі, пагналіся за канём. Гроднеў. Даўгавата чакаў, а ён [ліс] усё не паказваецца. Потым, бачу, вылазіць і памаленьку, прынюхваючыся, ідзе ў мой бок. Пасля спыніўся, пакруціўся на адным месцы, патыцкаў носам у гной і давай яго разграбаць. Ляўданскі.
патэ́льня, ‑і, ж.
Тое, што і скаварада. Стол .. [Віта] сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам. Шамякін. За сталом бацька быў асабліва вясёлы, жартаваў і ўсё падкладваў мне з патэльні бліны. Савіцкі.
патэ́нт, ‑а, М ‑тэнце, м.
1. Дакумент, у якім засведчана права вынаходніка на яго вынаходства.
2. Уст. Пасведчанне на права займацца гандлем, промыслам.
[Ад лац. patens, patentis — адкрыты, яўны.]
патэнтава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. патэнтаваць.
патэнтава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад патэнтаваць.
2. у знач. прым. Такі, на які маецца патэнт. Патэнтаванае лякарства.
патэнтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.
Выдаць (выдаваць) патэнт або атрымаць (атрымліваць) патэнт на што‑н., замацаваць (замацоўваць) за сабой патэнтам. Патэнтаваць вынаходства.
патэ́нтавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да патэнта. Патэнтавыя зборы.
патэнтаздо́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які задавальняе ўсім патрабаванням на атрыманне патэнта.