Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пакры́ху, прысл.

Абл. Пакрысе (у 2 знач.). Хлопец мякка, па-дзявочаму, усміхнуўся і пакрыху стаў спакайнець. Мележ.

пакры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Запоўніцца, усыпацца, усеяцца чым‑н. па паверхні. Зямля пакрылася снегам. Поле пакрылася ўсходамі. □ Хмызняк бліжэй падышоў да рэчкі, голыя мясціны пакрыліся асакой. Дуброўскі. // Выступіць, распаўсюдзіцца па паверхні чаго‑н. Волах пачаў чытаць, і раптам яго твар і шыя пакрыліся чырвонымі плямамі. Прокша. Маладое жыта пакрылася расою. Мележ. // перан. З’явіцца ў вялікай колькасці, у многіх мясцінах. Краіна пакрылася сеткай электрастанцый.

2. Разм. Апладніцца (пра жывёл).

пакрыццё, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пакрыць (у 1–3, 5 і 9 знач.).

2. Тое, што пакрывае што‑н. зверху. Цвёрдае пакрыццё дарог. □ Вежы [Супрасльскай царквы] дэкараваны і завяршаюцца складанымі яруснымі пакрыццямі з фігурнымі галоўкамі і высокімі шпілямі. Ліс.

пакры́ць, ‑кры́ю, ‑кры́еш, ‑кры́е; зак., каго-што.

1. Накрыць, услаць чым‑н. паверхню чаго‑н. Я думаў пра тое, што хутка прыйдзе зіма і пакрые пушыстым снегам зямлю. Ігнаценка. Адшапацеў над Бугам лістапад, Лістота дол астуджаны пакрыла. Лось. // Ахапіўшы, закрыць сабой што‑н. Хмары пакрылі неба. Туман пакрыў зямлю. // Выступіць, распаўсюдзіцца па паверхні чаго‑н. Чырвань пакрыла твар.

2. Зрабіць дах над чым‑н. Пакрыць дом чарапіцай. □ [Гаварушка:] — Свінарнік кончылі? [Шафёр:] — Так бы і кончылі. Дранкі пакрыць не хапіла. Лобан.

3. Нанесці на якую‑н. паверхню тонкі слой якога‑н. рэчыва. Пакрыць сцены фарбай. Пакрыць падлогу лакам.

4. Заглушыць, зрабіць нячутным (пра гукі). Гром апладысментаў пакрыў апошнія словы Кацярыны Казіміраўны. «Звязда».

5. Замяніць, папоўніць што‑н. патрачанае, зрасходаванае і пад. Пакрыць растрату.

6. Утаіць які‑н. учынак, віну, віноўніка чаго‑н. і пад. [Ураднік:] — Шэльма! Хто яго правяраў бы, каб ён пахаваў па-людску гэтую няшчасную? Ніхто! Я са свайго боку пакрыў бы гэтую справу. Чарнышэвіч.

7. Прайсці, праехаць і пад. якую‑н. адлегласць за пэўны час. Лыжнік пакрыў двухкіламетровую дыстанцыю за 10 хвілін.

8. У картачных гульнях: пакласці вышэйшую карту, чым тая, з якой хадзілі. Пакрыць валета тузам.

9. Апладніць (пра жывёл).

пакрыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Крычаць некаторы час. Халуста пакрычаў яшчэ трохі і пасунуўся дадому. Чарнышэвіч.

2. Пасварыцца, насварыцца на каго‑н. «На мяне.. [сакратар] дужа не пакрычыць. Нораў свой дома хай паказвае», — падумаў Язэп. Асіпенка.

пакры́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пакрышыць.

2. у знач. прым. Вышчарблены, выкрышаны. Зубы ў.. [Петрыка] усе жоўтыя, пакрышаныя. Жычка.

пакры́шачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пакрышак, прызначаны для прыгатавання іх. Пакрышачная гума.

пакры́шка, ‑і, ДМ ‑рышцы; Р мн. ‑шак; ж.

Чахол з тоўстай рызіны, які нацягваецца на дыск кола аўтамашыны, вобад кола матацыкла, веласіпеда і пад. Аўтамабільная пакрышка. Гумавая пакрышка. // Скураны чахол для камеры футбольнага мяча.

пакры́шку, прысл.

Пакрысе (у 1 знач.). Дык дзядзька зараз стаў пакрышку У чыгунчык клёцкі кідаць з міскі. Колас.

пакрышы́цца, ‑крышыцца; зак.

Раскрышыцца, разламацца цалкам або часткова. Хлеб пакрышыўся. □ Баёк механічнага бура, які здольны быў правіць тоўстую .. сталь, адскочыў ад сцяны і пакрышыўся. Шыцік.