пакры́ць, ‑кры́ю, ‑кры́еш, ‑кры́е; зак., каго-што.
1. Накрыць, услаць чым‑н. паверхню чаго‑н. Я думаў пра тое, што хутка прыйдзе зіма і пакрые пушыстым снегам зямлю. Ігнаценка. Адшапацеў над Бугам лістапад, Лістота дол астуджаны пакрыла. Лось. // Ахапіўшы, закрыць сабой што‑н. Хмары пакрылі неба. Туман пакрыў зямлю. // Выступіць, распаўсюдзіцца па паверхні чаго‑н. Чырвань пакрыла твар.
2. Зрабіць дах над чым‑н. Пакрыць дом чарапіцай. □ [Гаварушка:] — Свінарнік кончылі? [Шафёр:] — Так бы і кончылі. Дранкі пакрыць не хапіла. Лобан.
3. Нанесці на якую‑н. паверхню тонкі слой якога‑н. рэчыва. Пакрыць сцены фарбай. Пакрыць падлогу лакам.
4. Заглушыць, зрабіць нячутным (пра гукі). Гром апладысментаў пакрыў апошнія словы Кацярыны Казіміраўны. «Звязда».
5. Замяніць, папоўніць што‑н. патрачанае, зрасходаванае і пад. Пакрыць растрату.
6. Утаіць які‑н. учынак, віну, віноўніка чаго‑н. і пад. [Ураднік:] — Шэльма! Хто яго правяраў бы, каб ён пахаваў па-людску гэтую няшчасную? Ніхто! Я са свайго боку пакрыў бы гэтую справу. Чарнышэвіч.
7. Прайсці, праехаць і пад. якую‑н. адлегласць за пэўны час. Лыжнік пакрыў двухкіламетровую дыстанцыю за 10 хвілін.
8. У картачных гульнях: пакласці вышэйшую карту, чым тая, з якой хадзілі. Пакрыць валета тузам.
9. Апладніць (пра жывёл).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)