Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заплясне́ць,

гл. заплеснець.

заплята́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да заплесціся ​1.

2. (у спалучэнні з назоўнікам «ногі»). Няўпэўнена, з цяжкасцю рухацца, чапляцца адна за адну. Па калідору ідзе [Міця], як у тумане. Заплятаюцца ногі. Навуменка. Дзеці змарыліся. Ножкі ў іх запляталіся. Няхай.

3. (у спалучэнні з назоўнікам «язык»). Невыразна, нячленараздзельна вымаўляць. Рая расказвала пра ўсё, што бачыла і перажывала, але язык яе пачаў заплятацца. Новікаў. — Вось я і прыйшоў, Юлька, — гаварыў Андрыян нейкім не сваім голасам; язык яго заплятаўся. Марціновіч.

4. Зал. да заплятаць.

заплята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заплесці.

запну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Раптоўна спыніць або запаволіць гаворку. Два словы скажа і запнецца, Бы галава там чым заткнецца. Колас. — Ну вось, я так і знаў... — пачаў і запнуўся Максім Сцяпанавіч. Карпаў.

запо́ем, прысл.

Разм. Працяглы час, празмерна і без перапынку. Піць запоем. // Не адрываючыся, з вялікім захапленнем, напружана. Чытаць запоем.

запо́зна, прысл.

Разм. Занадта позна. Рыбак схамянуўся і пацягнуў. Запозна, — вуда з пустым кручком. Брыль.

запо́зненасць, ‑і, ж.

Затрымка, спазненне. Запозненасць у скліканні сходу атрымалася ад таго, што доўга не ўдавалася адшукаць .. хаты. Гартны.

запо́знены, ‑ая, ‑ае.

Які з’явіўся, здарыўся са спазненнем; позні. Запозненая вясна. □ На сінім палатне ракі добра відаць сям-там запозненыя жоўтыя гарлачыкі і белыя лілеі. Арочка.

запо́знівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да запазніцца.

запо́іны, ‑ін; адз. няма.

Разм. Тое, што і заручыны. Галоўку ўчашы ты прыгожа, — Сягоння прыедуць сваты. З гарэлкай прыедуць сягоння Й запоіны будуць твае. Купала.