Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

закліка́цца, а́ецца; незак.

Зал. да закліка́ць.

заклі́каць, ‑клі́чу, ‑клі́чаш, ‑клі́ча; зак., каго-што.

1. Паклікаць, запрасіць прыйсці куды‑н. Заклікаць у госці. □ Алесь, спаткаўшы Алёнку, заклікаў яе ў хату і паказаў ёй Сцёпкаву фатаграфію. Колас.

2. да чаго, на што. Звярнуцца з заклікам да каго‑н., прапанаваць прыняць удзел у якой‑н. важнай справе, зрабіць што‑н. Давераная асоба падрабязна расказала аб жыццёвым шляху кандыдата ў дэпутаты, заклікала ўсіх выбаршчыкаў акругі ў дзень выбараў аднадушна аддаць за яго свае галасы. «Звязда». Хочацца [Сымону] заклікаць людзей на вялікую новую працу. Колас. // Запатрабаваць ад каго‑н. весці сябе належным чынам. Заклікаць да парадку.

закліка́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да заклі́каць.

заклінава́цца, ‑нуецца; зак.

Перастаць рухацца ў выніку шчыльнага прыціскання да чаго‑н. Затвор вінтоўкі заклінаваўся.

заклінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

Замацаваць пры дапамозе кліна. Заклінаваць тапарышча. □ Качэлі складалі на зямлі: уставілі вось у слупы.. і заклінавалі ў ёй дубовым кліннем палкі. Пташнікаў.

закліна́льнік, ‑а, м.

Той, хто заклінае (у 1 знач.). Заклінальнік змей.

закліна́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да заклінальнік.

закліна́льны, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе або выражае заклінанне (у 2, 4 знач.). Высокі ў «Новай зямлі» паэтычны культ сонца, вясны, лета як сіл жыватворных, якія даюць пачатак усяму жывому. Ёсць у гэтым як бы штосьці язычніцкае, заклінальнае. Навуменка.

закліна́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. заклінаць.

2. Словы і выразы, якімі заклінаюць (у 1 знач.). Услед ёй бярозы глядзелі з тугою, Вятры заклінанне дзяўчыны няслі: «Эх, стаць бы навекі мне шумнай ракою, Каб толькі вярнуцца да роднай зямлі!» Ляпёшкін.

3. Гарачая просьба, мальба аб чым‑н.

4. Праклён, лаянка.

закліна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да заклясціся.

2. Зал. да заклінаць.

закліна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Імкнуцца падпарадкаваць каго‑, што‑н. сілай чараў, вядзьмарства, малітваў. Заклінаць змей. Заклінаць ад кулі.

2. Горача прасіць, маліць аб чым‑н. Бацькам заклінаю — не выходзь! — крычала старая. Місько.

3. Моцна лаяць, праклінаць. — Гадаўка! гадаўка!! гадаўка!!! — Адна адну проста заклінае гэтымі брыдкімі словамі. Бядуля.