запу́шчанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан запушчанага 2; закінутасць, занядбанасць. Запушчанасць гаспадаркі. □ Дзе-нідзе на сценах захаваліся квадраты шпалераў у свежым выглядзе. Гэта яшчэ больш адцяняла запушчанасць пакоя. Бядуля. Перада мною стаяў чалавек, страшны сваёй запушчанасцю, нейкай дзікай першабытнай лівасцю. Кірэенка.
запу́шчаны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад запусціць 1.
запу́шчаны 2, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад запусціць 2.
2. у знач. прым. Пакінуты без догляду, без увагі, даведзены да запусцення; закінуты, занядбаны. Запушчаны сад. □ У запушчаным цётчыным двары даўно трэба мужчынская рука. Навуменка.
3. у знач. прым. Не вылечаны своечасова; застарэлы. [Марыя Гарасімаўна] старанна апрацавала запушчаную рану. Новікаў.
запушы́ць, ‑шыць; зак., што.
Пакрыць якую‑н. паверхню пушыстым слоем (пра мароз, снег і пад.). Падвойныя шыбы ў вокнах запушыў мароз. Пестрак. Дрэў бухматае голле Замяла, запушыла — Рунь зялёную ў полі Абрусам накрыла [зіма]. Броўка.
запха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Пхаючы, запоўніць што‑н. чым‑н.; напхаць. Запхаць сумку пакупкамі.
запхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Разм.
1. Пхнуўшы, уціснуць, засунуць што‑н., упіхнуць каго‑н. куды‑н. Фішар з падкрэсленай абыякавасцю запхнуў за пазуху кніжку. Быкаў. Арыштаваных запхнулі ў машыны. Няхай.
2. Заткнуць рот, закрыць якую‑н. адтуліну. [Грэт] пачала вырывацца, плакаць, крычаць, але ёй запхнулі рот. Маўр.
запча́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Запасная частка.
запы́ленасць, ‑і, ж.
Насычанасць пылам. Барацьба з запыленасцю паветра.
запы́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад запыліць 1.
2. у знач. прым. Пакрыты пылам, насыпаны пылам. Днём і ноччу ляцеў паравоз, Запылены, закураны, Аж з Урала. Кірэенка. Даміра ішоў наперадзе, цяжка ступаючы запыленымі кірзавымі ботамі. Асіпенка.
запылі́цца 1, ‑пылюся, ‑пылішся, ‑пыліцца; зак.
Пакрыцца пылам. [Дзядзька] нават башлык адвёў на шапку, каб .. не запылілася. Баранавых. — Каля мукі ходзячы, вядома, што запылішся, — сказаў нехта з завознікаў. Сабаленка.
запылі́цца 2, ‑ліцца; зак.
Пачаць пыліцца.
запылі́ць 1, ‑пылю, ‑пыліш, ‑пыліць; зак., каго-што.
Пакрыць або запоўніць пылам. Запыліць боты. Запыліць паветра. □ І мільёны парэпаных ног Крочаць: пыл запыліў небасхіл. Бялевіч.
запылі́ць 2, ‑пылю, ‑пыліш, ‑пыліць; зак.
Пачаць пыліць.