Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падпая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

Прыпаяць што‑н. знізу; адрамантаваць паяннем.

падпераза́цца, ‑перажуся, ‑пяражашся, ‑пяражацца; зак.

Падперазаць сябе. Васіль Бусыга расчасаў акуратна чорную бараду, адзеў кажух чорнага вырабу, дагнаны да стану, падперазаўся шырокім пышным поясам. Колас. Турок закінуў на спіну вінтоўку, на хаду падперазаўся. Быкаў.

падпераза́ць, ‑перажу, ‑пяражаш, ‑пяража; зак., каго-што.

Сцягнуць, зацягнуць па таліі поясам, папругай і пад.; надзець на каго‑н. пояс, папругу і пад. Прыйшлося [шынель] падперазаць папругаю. Грахоўскі. Дзямід Сыч падперазаў патранташ, перакінуў цераз плячо р[э]мень сеткі. Паслядовіч.

падпе́рці, падапру, падапрэш, падапрэ, падапром, падапраце; пр. падпёр, ‑перла; зак.

1. што. Паставіць падпорку (падпоркі) пад што‑н., падтрымаць што‑н. чым‑н. Падперці сцяну. Падперці дзверы. □ Мы пабывалі ў раёне старога Парыжа.. У адным з дамоў апошні паверх .. адвальваецца, і таму яго падперлі доўгім надточаным бервяном. Філімонаў. Бацька свой воз падпёр плячом і аб’ехаў паварот, а сын пашкадаваў сілы траціць. Якімовіч. // Падставіць руку, далонь, каб можна было схіліць на іх галаву, твар і пад. Бабка падперла рукамі шчокі і пачала смяяцца. Колас. // Уперціся рукамі ў бакі. — На брыгадзірстве тваім свет клічам сышоўся? — падперла рукі ў бокі жонка. — А як усе людзі, не хочаш працаваць? Б. Стральцоў. // перан. Падтрымаць сабой што‑н. Па суседству з маім домам сталі новыя [дамы], сучасныя ў сэнсе архітэктуры. Яны падперлі яго сваімі плячыма і, як гавораць спецыяліст, уключылі ў адзін ансамбль. Навуменка.

2. Надавіць, націснуць. Хамут падпёр каню пад самае горла. // Разм. Аб прыступе якога-небудзь болю, кашлю і пад. Нечаканая бяда навалілася на Лявона.. Нешта падперла пад бакі, сціснула грудзі, твар увесь смыліць. Ермаловіч. // перан. Разм. Прымусіць неадкладна ўзяцца за якую‑н. працу, выкананне або ажыццяўленне чаго‑н. тэрмінова наспеўшага. [Вяржбіцкі:] — А Клікаў — прайдзісвет. І лізаблюд. Прадасць і выменяе, Калі нявыкрутка падапрэ. Савіцкі. — А цяпер жа і сена, і жніво падперла! — успомніў.. [Алесь] словы Лены. Ваданосаў.

падпе́рціся, падапруся, падапрэшся, падапрэцца; падапромся, падапрацеся; пр. падпёрся, ‑перлася; зак.

Абаперціся на што‑н. Паклаў .. [Гаруе лісты] на стол перад сабою, падпёрся локцямі і гэтак астаўся сядзець над імі. Чорны.

падпе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце.

Зак. да падпяваць (у 1 знач.).

падпе́чак, ‑чка, м.

Месца, прастора пад печчу. У падпечку зашамацела, залапатала, і на ўсю хату заспяваў певень. Мурашка.

падпе́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падпячы.

падпе́чны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад печчу. Прыгнуўшыся ў тры пагібелі,.. [Адэля] прапаўзла падпечным ходам і апынулася ў цёмнай, цеснай каморы. Броўка.

падпе́чча, ‑а, н.

Тое, што і падпечак. Хіма нарэзала сала на патэльню, паставіла яго на трыножніку перад чалеснікамі, дастала з падпечча сухіх трэсак. Сабаленка.