запрыго́ньванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. запрыгоньваць — запрыгоніць.
запрыго́ньвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да запрыгоньваць.
запрыго́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да запрыгоніць.
запрыме́ціць і запрыкме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што і з дадан. сказам.
Разм. Заўважыць, прымеціць. Пад каскай На лбе запрымеціў я знак... Колас. Стэфка запрыкмеціла, што гаспадыня абыходзіцца з ёю куды горш, чым раней. Бядуля.
запрыхо́даваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад запрыходаваць.
запрыхо́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.
Запісаць у прыход, унесці ў графу паступлепняў. Запрыходаваць узносы.
запрэ́гчы, ‑прагу, ‑пражэш, ‑пражэ; ‑пражом, ‑пражаце, ‑прагуць; пр. запрог, ‑прагла і ‑прагла, ‑прагла і ‑прагло; заг. запражы; зак., каго-што.
1. Вупражжу злучыць (запражную жывёліну) з калёсамі, санямі і пад.; упрэгчы. На другі дзень на захадзе сонца запрог дзядзька Марцін чорнага коніка.., каб завезці пляменніка на станцыю. Колас. Загадаў пан запрэгчы тройку коней, сеў з фурманам і памчаўся даганяць мужыка. Якімовіч. / Пра калёсы, сані і пад. Зараз жа загадаў [пан] запрэгчы брычку і разам з аканомам паехаў у Сячанку... Чарот.
2. перан. Разм. Нагрузіць цяжкай работай, прымусіць многа працаваць. Запрэгчы ў работу. □ Маці нашай не заставалася нічога іншага, як запрэгчы ў гаспадарку мяне. Брыль.
•••
Запрэгчы ў аглоблі (у хамут) — узяўшы над сваю ўладу, прымусіць працаваць.
запрэ́гчыся, ‑прагуся, ‑пражэшся, ‑пражэцца; ‑пражомся, ‑пражацеся, ‑прагуцца; пр. запрогся, ‑прэглася і ‑праглася, ‑прэглася і ‑праглося; заг. запражыся; зак.
Разм.
1. Запрэгчы сябе ў што‑н.
2. Запрэгчы свайго каня, вала і пад. у што‑н. — Што, не запрагліся? Я так і знаў. Адны на ўсю вёску... Дзе кабыла? — .. [Юзік] узяў аброць у Тані.. Ён запражэ кабылу, і яны паедуць з усімі ў Карчаватку. Пташнікаў.
3. перан. Узяцца за цяжкую працяглую працу. — Запрогся ў воз — цягні, вязі! Бялевіч.
запрэ́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад запрэгчы.
запрэ́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
1. Некалькі коней, сабак і пад., запрэжаных у адну вупраж. Запрэжка сабак. □ З невысокага сопкі спускалася аленняя запрэжка. Шамякін.
2. Вупраж, збруя. Гурген неяк ублытаў коней у запрэжку. Самуйлёнак.
•••
Хадзіць у запрэжцы гл. хадзіць.