Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

запрато́рвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да запраторыцца.

2. Зал. да запраторваць.

запрато́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да запраторыць.

запрато́рыцца, ‑рыцца; зак.

Разм. Згубіцца, падзецца дзе‑н. Ножык недзе запраторыўся. // Сысці куды‑н. далёка. Куды ж гэта дзеці запраторыліся?

запрато́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Пакласці, падзець невядома куды. — У вас, гаспадыні, заўсёды так: як дзе што запраторыце, дык са свечкай не знойдзеш. Сабаленка. // Схаваць, прыбраць куды‑н. так, каб цяжка было знайсці. — Пашанцавала мне тады ў аднаго чалавека выменяць на сала аж чатыры пуды солі. Схаваў я яе, як сцямнела, — два пуды ў дровах, а два пад сена запраторыў. Паслядовіч. // перан. Заслаць, выслаць, пасадзіць куды‑н., адкуль цяжка выбрацца. Абуджаў калісь местачковых абывацеляў саматужны рэдактар Бухберг, але яго запраторылі ў вар’яцкі дом, хоць ён вар’ятам, можа, і не быў. Колас.

запратэстава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

Выказаць нязгоду, заявіць пратэст. — Што вы, што вы, Нэля Іванаўна, — запратэставаў інжынер. — Хіба я магу так падумаць. Лупсякоў. — Няпраўда! — горача запратэставала Аня. Карпюк.

запра́ўка, ‑і, ДМ ‑праўцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. запраўляць (у 1 знач.) — заправіць, запраўляцца — заправіцца.

2. Разм. Тое, чым запраўляюць страву; заправа, прыправа. Страва без запраўкі. □ Замест мучной запраўкі можна забяліць суп смятанай. «Работніца і сялянка».

запра́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад заправіць.

запраўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да заправіцца.

2. Зал. да запраўляць (у 1 знач.).

запраўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

1. Незак. да заправіць.

2. Разм. Быць заправілам; кіраваць, верхаводзіць. [Кулацтва] хоча запраўляць у павятовых, валасных і нават гуртковых камітэтах. Пестрак. Усімі справамі запраўлялі мясцовыя памешчыкі, старасты, войты і ваеншчына. «Беларусь».

запра́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Сапраўдны, з усімі якасцямі, уласцівымі пэўнай катэгорыі асоб, прадметаў. [Жданкевіч] прышпорыў каня і пад’ехаў да палісадніка, як запраўскі кавалерыст. Шамякін.