Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

патускне́ць, ‑ее; зак.

Стаць цьмяным, цёмным, тусклым. Сонца патускнела і ўсё глыбей уплывала ў хмары. Колас. Вось суровыя рады бярозавых крыжоў на самай ўскраіне сяла ўжо страцілі свой беласнежны колер, патускнелі, амаль што захаваліся ў густых зялёных травах. Лынькоў. Вочы .. [Пракапенкі] патускнелі, зніклі з твару рысы бадзёрага, маладога натхнення. Кулакоўскі.

патуха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. патухаць — патухнуць.

патуха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да патухнуць.

пату́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які перастаў гарэць, свяціць. Патухлая лямпа. Патухлая зорка. □ Гугновіч увесь час хадзіў за сталом, трымаючы патухлую люльку ў руцэ. Пестрак. // Які перастаў дзейнічаць, функцыяніраваць.

2. перан. Цьмяны, без жыцця (пра вочы, погляд). Бародка сядзеў пануры, маўклівы, змораны на выгляд, з патухлымі вачамі. Шамякін.

пату́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. патух, ‑ла; зак.

1. Перастаць гарэць, свяціць. Агонь у будынку бліснуў яшчэ раз і патух. Чорны. Знікла палоска вячэрняй зары на небасхіле — ці то яна патухла зусім, ці хмаркі закрылі яе. Хадкевіч. // Перастаць дзейнічаць, функцыяніраваць (пра вулкан, домну і пад.).

2. перан. Перастаць блішчаць; стаць цьмяным, бляклым (пра вочы). Дыхаць цяжка, грудзі ўспухлі, Точыць смага, прага піць. Толькі вочы не патухлі — Зіхацяць жаданнем жыць. А. Александровіч. Загадчык аблана пазяхнуў, і вочы яго зноў патухлі і прыплюшчыліся. Шамякін. // перан. Знікнуць, прапасці, спыніцца. Але мая радасць хутка патухла, бо я ўспомніў, што Грыша вельмі скупы і не дачакаешся ад яго ніякай папругі. Капыловіч.

патушава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; зак., што.

1. Затушаваць усё, многае.

2. і без дап. Тушаваць некаторы час.

пату́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад патушыць ​1.

патушы́ць 1, ‑тушу, ‑тушыш, ‑тушыць; зак., што.

Спыніць гарэнне; пагасіць. Агонь дастаў толькі хлеў суседняй гаспадаркі. Але некалькі чалавек.. узлезлі на хлеў і хутка патушылі салому, якая ўжо задымілася. Шамякін. Вокны свяціліся: выходзячы, настаўнік забыўся патушыць лямпу. Колас.

патушы́ць 2, ‑тушу, ‑тушыш, ‑тушыць; зак., што.

1. Утушыць усё, многае.

2. і без дап. Тушыць некаторы час (гл. тушыць ​2).

патыднёвы, ‑ая, ‑ае.

Які праводзіцца, робіцца кожны тыдзень. Патыднёвы план. Патыднёвая справаздача. // Які атрымліваюць за кожны тыдзень. Патыднёвы заработак.

паты́каны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паты́каць.

патыка́ны, ‑ая, ‑ае.

Вытканы па аснове рознакаляровым утком. Патыканая коўдра.