Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заспако́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад заспакоіць.

заспако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; зак.

Суняць свой неспакой, хваляванне, узбуджанасць; супакоіцца. Успамінаючы ўчарашнія Казюковы пагрозы, Каетан Гумоўскі ніяк не мог заспакоіцца. Броўка. Конь паставіў вушы, высока падняў галаву, але зараз жа заспакоіўся і захрумстаў траву. Колас. // на чым і без дап. Разм. Задаволіцца дасягнутым; стаць бестурботным, абыякавым. Заспакоіцца на дасягнутым. □ Мы вельмі заспакоіліся за часы вучобы, ад жыцця адарваліся. Галавач.

заспако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; зак., каго-што.

Развеяць чый‑н. неспакой, хваляванне, узбуджанасць; прывесці ў стан спакою; супакоіць. Азаркевіч захваляваўся, ён баяўся, каб .. [абсталяванне] не паіржавела, але стары яго заспакоіў, што нічога не здарыцца, бо ён сам упакоўваў. Гурскі. Старалася .. [Агата] перамагчы ўсе вялікія трывогі свае і заспакоіць неспакойнае сэрца. Чорны. // Суняць, зменшыць (смагу, боль і інш.). Пякучы боль і гнеў мы толькі помстай заспакоім, каб вораг больш не смеў таптаць наш край ніколі. Машара.

заспако́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да заспакоіцца.

2. Зал. да заспакойваць.

заспако́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заспакоіць.

заспако́йлівы, ‑ая, ‑ае.

Які заспакойвае, прыносіць заспакаенне. Заспакойлівае слова.

заспа́ны, ‑ая, ‑ае.

Са слядамі нядаўняга сну; сонны. Заспаны твар. Заспаныя вочы. □ Назаўтра я прачнуўся позна: ужо даўно была раніца. Заспаны, выйшаў на ганак. Чыгрынаў.

заспа́цца, ‑сплюся, ‑спішся, ‑спіцца; зак.

Разм. Праспаць залішне доўга. Роза заспалася і прачнулася тады, калі на дварэ ўжо было зусім светла. Лынькоў. — Юра, Юрачка, уставай! Што ж гэта сёння ты так заспаўся? Брыль.

заспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.

1. Прачнуцца пазней, чым трэба; праспаць. У панядзелак Сямён Парфёнавіч заспаў .. Такога з ім не здаралася ўжо год дваццаць — каб ён праспаў. Шамякін. — Ты ж глядзі, Гарык, не заспі! — паказваў Андрэй сябру-таўстуну, які часта спазняўся ў школу. Скрыпка.

2. што. Разм. Доўга сплючы, пазбавіць свежасці, жывасці (твар, вочы). Заспаць твар.

заспе́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад заспець.