паднаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.
Надаць чаму‑н. больш новы, свежы выгляд; крыху абнавіць. Антаніна Міхайлаўна.. заўважыла: — Занепадае мая хата. Усё ладжуся паднавіць яе. Колас. Партрэт, схаваны ў вайну ў склепе, трохі быў пашкоджаны. Летась, будучы тут, мастак паднавіў яго, асвяжыў.. фарбы. Ліс.
паднагля́дны, ‑ая, ‑ае.
У дарэвалюцыйнай Расіі — які знаходзіўся пад наглядам. / у знач. наз. паднагля́дны, ‑ага, м.; паднагля́дная, ‑ай, ж. Можа выявіцца, што паднагляднаму вядомы яго стасункі да паліцыі. Колас.
паднаго́тная, ‑ай, ж.
Разм. Праўда, ісціна, падрабязнасці чаго‑н., якія старанна ўтойваюцца. Ведаць усю паднаготную. □ Некаторыя празаічныя творы Коласа («Выбар старшыні», «Андрэй-выбаршчык») крытыкуюць камедыю выбараў органаў царскай улады, раскрываюць усю паднаготную гэтых выбараў. «Полымя».
паднайма́льнік, ‑а, м.
Асоба, якая заключыла дагавор паднаймання. // Кватарант, які наймае жылую плошчу ў асноўных наймальнікаў.
паднайма́нне, ‑я, н.
Найманне (памяшкання або іншай маёмасці) у асноўнага наймальніка; тое, што і субарэнда. // Найманне жылой плошчы ў асноўнага наймальніка.
паднале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. падналёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. падналяж; зак.
Разм.
1. Налегчы, націснуць на што‑н. з большай сілай. Падналегчы на рычаг. □ Дзве каманды ваенных, ухапіўшыся за розныя канцы каната, стараліся перацягнуць адна адну.. Вось адна каманда падналегла і павольна пачала цягнуць другую да белай рысы. Хомчанка. Я падналёг на напіраўшых і прапусціў зялёны капялюшык да прылаўка. Нядзведскі.
2. перан. Шчыра ўзяцца за якую‑н. работу. Падналегчы на вучобу. □ Вострачы мянташкай касу,.. Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.
паднара́д, ‑а, М ‑радзе, м.
Спец. Падкладка ў абутку ад пад’ёму да наска. Падшыць паднарад пад перады. □ Белы паднарад халяў і шырокія кішэні галіфэ.. рабілі.. [Пашку] нязграбным, чымсьці падобным на маладога пеўніка... Паўлаў.
паднасі́цца, ‑носіцца; зак.
Разм. Крыху знасіцца. Цяпер.. [Марыя] была ў вайсковай форме, у той самай, якую некалі пакінула ў лесе разам з медыкаментамі. Паднасілася ўжо гэтая форма, даўно разышліся тыя медыкаменты. Кулакоўскі.
паднасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак., што.
Разм. Крыху знасіць. Паднасіць чаравікі. Падпасіць паліто.