Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падмо́га, ‑і, ДМ ‑мозе, ж.

Разм. Дапамога, падтрымка. Варочаў глебу працавіты трактар, А на падмогу коні ды валы У гаспадарцы той былі. Крапіва. Ноччу на падмогу Белабародаву Сцяпан Фёдаравіч паслаў другую роту. Мележ.

падмо́клы, ‑ая, ‑ае.

Крыху мокры. Падмоклае сена.

падмо́кнуць, ‑не; зак.

Крыху намокнуць. Валёнкі падмоклі. □ Калі падмокнуць запалкі, мы папаскачам .. сёння, відаць, будзе для нас вераб’іная ночка. С. Александровіч.

падмо́лваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падмалоць.

падмо́ргванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падморгваць — падмаргнуць.

падмо́ргваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падмаргнуць.

падмо́сткі, ‑аў; адз. няма.

1. Драўляны памост на ўзвышэнні; часовы памост. У глыбіні сасонніку прасвечвалі часова змайстраваныя дашчаныя падмосткі, якія павінны былі замяніць сцэну. Броўка. // Разм. Падстаўка з чаго‑н. Дастаць да.. [акенца] было цяжка, але якраз, на шчасце, на ўзроўні плота пры свірне ляжалі акораныя жэрдкі. Звяруга, перш чым узабрацца на падмосткі, прыслухаўся. Дамашэвіч.

2. Сцэна (у 1 знач.). На падмостках калгаснага клуба з’явіліся спевакі і танцоры. «Звязда». Па падмостках У ззянні агнёў мюзік-хола Негрыцянка пяе. Танк.

•••

Тэатральныя падмосткі — тое, што і сцэна (у 1 знач.).

падмо́сце, ‑я, н.

Разм.

1. Месца пад мостам. Ноччу так, як і ўдзень, Спіць усё і маўчыць, Толькі недзе струмень У падмосці цурчыць. Хведаровіч. Вада тут у сярэдзіне вясны яшчэ ідзе поўным, імклівым ходам — перавальвае цераз дамбачку.. і, падаючы з метровай вышыні, шуміць і булькоча ў сцюдзёным змроку падмосця. Ракітны.

2. Месца пад падлогаю. Хвошч выбраўся з падмосця, паклаў на месца дошкі і сеў на падлозе. Лупсякоў. Неяк я корпаўся на двары, абкідваў заваліны, каб на зіму праз сцены ў падмосце не забіраліся маразы. Кухараў.

падмо́тванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падмотваць.

падмо́твацца, ‑аецца; незак.

Зал. да падмотваць.