падмосткі, ‑аў; адз. няма.
1. Драўляны памост на ўзвышэнні; часовы памост. У глыбіні сасонніку прасвечвалі часова змайстраваныя дашчаныя падмосткі, якія павінны былі замяніць сцэну. Броўка. // Разм. Падстаўка з чаго‑н. Дастаць да.. [акенца] было цяжка, але якраз, на шчасце, на ўзроўні плота пры свірне ляжалі акораныя жэрдкі. Звяруга, перш чым узабрацца на падмосткі, прыслухаўся. Дамашэвіч.
2. Сцэна (у 1 знач.). На падмостках калгаснага клуба з’явіліся спевакі і танцоры. «Звязда». Па падмостках У ззянні агнёў мюзік-хола Негрыцянка пяе. Танк.
•••
Тэатральныя падмосткі — тое, што і сцэна (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)