запе́ў, ‑певу, м.
1. Пачатак харавой песні або куплета, які выконваецца запявалам. — Глыбокае мора, шырокае мора, — Старая запеў павяла, — Ды толькі глыбейшым было маё гора, Шырэйшаю скруха была. Бялевіч.
2. Пачатак быліны, звычайна не звязаны з яго зместам; зачын. // перан. Пачатак чаго‑н., уступ да чаго‑н. Публіцыстыка Ф. Багушэвіча была толькі запевам да той палымянай і шчырай песні, што велічна прагучала ў «Дудцы беларускай» і «Смыку беларускім». С. Александровіч.
запе́ўка, ‑і, ДМ ‑пеўцы; Р мн. ‑певак; ж.
Тое, што і запеў.
запе́ць 1, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак., што.
Частым выкананнем апошліць (песню, раманс і пад.). Каханне дарэшты запета. Глебка.
запе́ць 2, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак.
Пачаць пець.
за́печак, ‑чка, м.
Абл. Выступ печы, якім карыстаюцца як прыступкаю, узлазячы на печ. Бацька паклаў рукавіцы на паліцу каля печы, распрануў армяк, кінуў яго на запечак. Галавач. Захар сеў на запечку, слухаў, што гаварылі. Каваль.
запе́чак, ‑чка, м.
Месца паміж сцяною і печчу. [Вайсковец] запаліў ліхтарык і свяціў ім па хаце, заглядаючы на печ, у запечак і пад палок. Колас. У хаце панаваў спакой, нават цвыркун, перабраўшыся некуды ў запечак, відаць, змарыўся і змоўк. Хадкевіч.
запе́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад запячы.
2. у знач. прым. Засохлы, загусцелы. На выцвілых гімнасцёрках — .. згусткі запечанай крыві. Курто.
запе́чны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца або жыве за печчу. Запечны абібок — наш кот Цімох — .. шчасліва мурлыча пад промнямі ласкавага сонца. Брыль. // перан. Які жыве бязвыезна ў сваёй мясцовасці, не ведае свету. — Я табе скажу, ты чалавек запечны, ты ціха жыў век у Сумлічах, пакуль на вайну не пайшоў. Чорны.
запе́чча, ‑а, н.
Тое, што і запечак. Адазваўся ў запеччы цвыркун — веснік блізкай ночы. Лынькоў.
запёрты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад заперці.
запіва́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да запіваць 1.
запіва́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да запіць 1.
запіва́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да запіць 2.