Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паслі́згацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Слізгацца некаторы час.

паслізну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Не ўстаяць, не ўтрымацца на слізкім месцы; пакаўзнуцца. [Ганна] паслізнулася і ўпала б, напэўна, але Яўхім спрытна падхапіў яе за локаць. Мележ. У адным месцы наступіў на сям’ю лісічак і паслізнуўся. Чарнышэвіч.

паслі́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паслініць.

паслі́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Змачыць слінай. Паслініць карандаш. □ Пальцы паслініўшы, бабка скубе зноў кудзелю. Скача па току настырнае верацяно. Лойка.

пасло́йны, ‑ая, ‑ае.

Які робіцца асобнымі слаямі, па слаях. Паслойная апрацоўка глебы. Паслойная здабыча торфу.

пасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які праводзіцца па словах; які праводзіцца з разліку за кожнае слова. Паслоўны падлік тэксту. Паслоўная аплата тэлеграм.

паслу́га, ‑і, ДМ ‑лузе, ж.

1. Дзеянне, учынак, які прыносіць карысць, дапамогу каму‑н. Сяброўская паслуга. Прапанаваць свае паслугі. □ І выраз твару і ўся постаць селяніна сведчылі аб тым, што ён гатовы зрабіць паслугу добраму чалавеку. Колас. Сяброўкі хацелі ўхутаць яе трэцяй коўдрай, але Юля адмаўлялася ад усялякіх паслуг. Грамовіч. Кладучыся, .. [Карызна] заўважае на сваім ложку свежую, чыстую бялізну: апошняя сямейная паслуга Марыны Паўлаўны. Зарэцкі. Паслугу ўсе прымаюць, ды часта яе забываюць. Прыказка.

2. толькі мн. (паслу́гі, ‑слуг). Работа, што выконваецца для задавальнення чыіх‑н. патрэб. — Разведчыца з’явілася са сваімі паслугамі да Рыбіна сама. Пестрак. Чалавек для паслуг яму [Ліндэ] быў патрэбны. Бядуля. // Гаспадарча-бытавыя або іншыя выгоды. Камунальныя паслугі. Паслугі бібліятэк.

•••

Бюро добрых паслуг гл. бюро.

Да вашых (тваіх) паслуг — выражэнне ветлівасці, якое паказвае гатоўнасць да чаго‑н.

Да яго (нашых, іх і пад.) паслуг — хто (што) можа быць у чыім‑н. распараджэнне.

Мядзведжая паслуга — няўмелая паслуга, якая замест дапамогі прыносіць цяжкасці.

паслугава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак.

Разм. Слугаваць некаторы час. [Шарахоўскі:] — Не, сыночкі, паравоз яшчэ нам паслугуе. Шынклер.

паслуга́ч, ‑а, м.

1. Уст. Слуга. [Хадакі:] — Ды мы, пане, хоць у паслугачы да д’ябла гатовы ісці, абы агораць капейку тую на білеты. Пальчэўскі.

2. Пагард. Той, хто выслужваецца ў каго‑н.; саўдзельнік, памочнік у якой‑н. дрэннай справе. Кулакі з ельніцкіх хутароў, стаўшы паслугачамі акупантаў, нарэшце спагналі сваю ашалелую злосць. Вітка.

паслуга́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да паслугач.