паслу́га, ‑і, ДМ ‑лузе, ж.

1. Дзеянне, учынак, які прыносіць карысць, дапамогу каму‑н. Сяброўская паслуга. Прапанаваць свае паслугі. □ І выраз твару і ўся постаць селяніна сведчылі аб тым, што ён гатовы зрабіць паслугу добраму чалавеку. Колас. Сяброўкі хацелі ўхутаць яе трэцяй коўдрай, але Юля адмаўлялася ад усялякіх паслуг. Грамовіч. Кладучыся, .. [Карызна] заўважае на сваім ложку свежую, чыстую бялізну: апошняя сямейная паслуга Марыны Паўлаўны. Зарэцкі. Паслугу ўсе прымаюць, ды часта яе забываюць. Прыказка.

2. толькі мн. (паслу́гі, ‑слуг). Работа, што выконваецца для задавальнення чыіх‑н. патрэб. — Разведчыца з’явілася са сваімі паслугамі да Рыбіна сама. Пестрак. Чалавек для паслуг яму [Ліндэ] быў патрэбны. Бядуля. // Гаспадарча-бытавыя або іншыя выгоды. Камунальныя паслугі. Паслугі бібліятэк.

•••

Бюро добрых паслуг гл. бюро.

Да вашых (тваіх) паслуг — выражэнне ветлівасці, якое паказвае гатоўнасць да чаго‑н.

Да яго (нашых, іх і пад.) паслуг — хто (што) можа быць у чыім‑н. распараджэнне.

Мядзведжая паслуга — няўмелая паслуга, якая замест дапамогі прыносіць цяжкасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)