Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

запа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; пр. запаў, ‑ла; зак.

1. Увайсці, заскочыць унутр. Выходзячы, [Пракоп] хацеў бразнуць дзвярамі, але запаў слясак у дзвярах. Баранавых.

2. Разм. Падаючы, трапіць куды‑н. У вока запала парушынка.

3. Уваліцца, стаць запалым. У вязня і грудзі запалі і шчокі, Румянец пачаў на іх хворы гарэць. Зарыцкі. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў.

4. перан. Глыбока замацавацца, захавацца (у сэрцы, памяці і пад.). Бывае ж так: скажа хто часам, без ніякага намеру, а цябе словы яго крануць за жывое, западуць глыбока ў памяць. Пальчэўскі. Асабліва мне запала ў галаву тое, што мы з дзядзькам Пракопам пойдзем у нядзелю ў Верамеевічы і ён мяне завядзе на сход камсамольскай ячэйкі. Сабаленка.

5. Разм. Аслабець, заняпасці. А ў горле ў мяне суха, і голас запаў. Гарэцкі.

запасці́ся, ‑суся, ‑сешся, ‑сецца; ‑сёмся, ‑сяцеся; пр. запасся, ‑лася, ‑лося; зак.

Забяспечыць сябе чым‑н. на ўсякі выпадак. Запасціся харчамі. Запасціся канвертамі і паперай. □ Ноччу часці спяшаліся запасціся боепрыпасамі і ўсім неабходным. Няхай.

запатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

У шахматнай гульні — паставіць караля ў становішча пата.

запатне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і запацелы. Запатнелы лоб. Запатнелае акно.

запатне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Тое, што і запацець. А ў Баркоўскага .. запатнела лысіна і павыступалі чырвоныя плямы на шчоках. Броўка.

запатрабава́нне, ‑я, н.

1. Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. запатрабаваць.

2. Кніжн. Афіцыяльны зварот з патрабаваннем, просьбай даць якія‑н. звесткі, тлумачэнні.

3. Неабходнасць, патрэба. Культурныя запатрабаванні працоўных.

•••

Да запатрабавання — пра карэспандэнцыю, якая выдаецца на пошце па патрабаванню адрасата.

запатрабава́цца, ‑бу́ецца.

Зак. да патрабавацца.

запатрабава́ць, ‑бу́ю, ‑бу́еш, ‑бу́е.

Зак. да патрабаваць.

запаты́лак, ‑лка, м.

Клінок для замацавання касы пры касільне.

запатэнтава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад запатэнтаваць.