Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напрало́м, прысл.

Не лічачыся з перашкодамі, не разбіраючы шляху (пры руху наперад). Прабівацца напралом. Ісці напралом. □ Вепр скочыў наперад і напралом памчаў праз гушчар. Самуйлёнак. // перан. Не лічачыся з абставінамі (пры дасягненні мэты). Сын, праўда, з норавам адметным, Ва ўсім імкнецца напралом. Гаўрусёў.

напра́мак, ‑мку, м.

1. Лінія руху; бок, у які накіраваны рух, дзеянне; кірунак. Напрамак ветру. Напрамак току. □ Калі прайсці ад рэчкі, ад хмызняку нельга, то даводзіцца вышукваць іншы напрамак. М. Ткачоў. Убачыўшы лодку, бабраня змяніла напрамак і паплыло побач з чаўном, з цікавасцю паглядаючы на Цераха сваімі чорнымі вочкамі. В. Вольскі. // Бок, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Ісці ў напрамку рэчкі. □ [Вораг] прарваўся ў напрамку Турца, аднак пакінуў на снезе .. паўсотні трупаў. Брыль.

2. перан. Шлях развіцця чаго‑н. Напрамкі стварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрамак палітыкі. Напрамак вучонай дзейнасці. // Накіраванасць. Крытычны напрамак розуму. □ Паступова ў Арцыховіча паплылі думкі ў другім напрамку. Ён пачаў ужо чытаць кніжку, што дала надоечы Ліпа. Алешка.

3. Грамадская, навуковая і інш. плынь, групоўка. Рэалістычны напрамак у літаратуры. □ З веданнем справы Танк паставіў пытанне аб сутнасці рэвалюцыйнага напрамку заходнебеларускай літаратуры. Калеснік. У рамках I Інтэрнацыянала Маркс і Энгельс вялі рашучую барацьбу з рознага роду напрамкамі непралетарскага сацыялізма, рэфармізмам і «левым» сектанцтвам. «Звязда».

4. Участак фронту, на якім развіваюцца ваенныя дзеянні, накіраваныя ў які‑н. бок. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку. «Звязда».

5. у знач. прысл. напра́мкам. У кірунку да чаго‑н. [Рыгор] выйшаў на вуліцу і паскораным крокам пайшоў напрамкам да клінікі Вілле. Гартны.

•••

Браць (узяць) напрамак гл. браць.

напрамі́лы,

У выразе: напрамілы бог гл. бог.

напрамкі́, прысл.

Разм.

1. Тое, што і напрасткі. Час быў дамоў, і .. [Павел з Мартай], жартуючы, пайшлі напрамкі да шашы. Вышынскі.

2. Прама ў вочы. Калі толькі заводзілася гаворка пра Андрэя, таго і чакай, што хто-небудзь секане напрамкі: «А-а, Завацкага хлебам не кармі — толькі дай лейцы ў рукі». Ваданосаў.

напраму́ю, прысл.

Па прамой лініі, самым кароткім шляхам; напрамкі. Нехта ехаў з аўтабазы напрамую — паляніўся аб’язджаць балота аж ля тарфянога склада — далёка. Пташнікаў.

напрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Абл. Надзець, апрануць на сябе што‑н. [Карызна] з ліхаманкавай паспешнасцю .. напрануў паліто. Зарэцкі.

напрапалу́ю, прысл.

Разм. Не задумваючыся ні аб чым. Весяліцца напрапалую. Ісці напрапалую. □ [Малодшы лейтэнант:] — У нас у дзесятым класе хлопцы любілі выхваляцца сваімі перамогамі над дзяўчатамі. Я слухаў іх.. і таксама хлусіў напрапалую. Васілёнак.

напрапа́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Прапаліць вялікую колькасць чаго‑н.

напрапо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Прапароць, пракалоць вялікую колькасць чаго‑н. Напрапорваць дзірак шылам.

напрапуска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго. Дазволіць вялікай колькасці прайсці, праехаць, пранікнуць куды‑н. Напрапускаць людзей у залу.

2. чаго. Дапусціць вялікую колькасць якіх‑н. пропускаў. Напрапускаць заняткаў. Напрапускаць памылак.