запла́та, ‑ы, ДМ ‑плаце, ж.
Разм. Тое, што і плата. Якая заслуга, такая і заплата. Прыказка.
заплаці́ць, ‑плачу, ‑плаціш, ‑плаціць; зак.
1. што і без дап. Аддаць грошы або якую‑н. іншую плату за што‑н. Заплаціць узносы. □ У адной бабулькі Вера Антонаўка выбрала два аднолькавыя букеты дочкам і, патаргаваўшыся, заплаціла. Карпаў. // перан. Адплаціць. Заплаціць шчырасцю за шчырасць.
2. перан.; чым. Паплаціцца. Заплаціць галавой. □ Не дагледзіш вокам — заплаціш бокам. Прыказка.
•••
Дорага б заплаціў — тое, што і дорага б даў (гл. даць).
Дорага заплаціць за што — многім паплаціцца.
запле́снелы і заплясне́лы, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты плесняй, цвіллю; цвілы. Брудныя, мабыць, ніколі не беленыя сцены пакрыты заплеснелымі плямамі. Мядзёлка. Камера была маленькая і вельмі сырая. З столі капала вада, сцены былі слізкія і запляснелыя. Зуб. // перан. Закаснелы, адсталы, устарэлы.
запле́снець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і заплясне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрыцца плесняй, цвіллю; зацвісці. Сцяна заплеснела. □ Сумка пачарнела ад часу, заплеснела, пакрылася пылам і павуціннем. Бяганская.
2. перан. Закаснець, адстаць, устарэць. Жывучы ў адной камеры з .. [Давідам], нельга было заплеснець нават і ў гэтыя змрочныя будні непагоднай восені. Машара.
запле́сці, ‑пляту, ‑пляцеш, ‑пляце; ‑пляцём, ‑плецяце; зак., што.
1. Перавіваючы, сплесці. Заплесці касу.
2. Увіць, уплесці ў што‑н. Запляту я ў касу Стужку чырвань-агонь. Астрэйка.
3. Плетучы, залапіць, закрыць адтуліну і пад. Заплесці дзірку ў плоце свежай лазой.
4. Пакрыць густым перапляценнем чаго‑н.; аплесці. Але скала больш не тоіць у сабе небяспекі, яе перамаглі, яе заплялі лёгкай, простай і прыгожай канструкцыяй драўляных клетак. Галавач. Павуцінне звісала са столі, яно запляло і два абразы на покуце. Пестрак.
запле́сціся 1, ‑плятуся, ‑пляцешся, ‑пляцецца; ‑пляцёмся, ‑плецяцеся; зак.
1. Заплесці сабе валасы ў касу (косы).
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сплесціся, пераплесціся. Сенажаць! Заплялося тваё разнатраўе — Не пацягнеш касы. Арочка.
запле́сціся 2, ‑плятуся, ‑пляцешся, ‑пляцецца; ‑пляцёмся, ‑плецяцеся; зак.
Разм. З цяжкасцю зайсці куды‑н. Ледзь заплёўся дамоў.
запле́чны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для нашэння за плячамі. Заплечны мяшок.
запле́чча, ‑а, н.
Разм. Частка спіны каля плячэй.
запле́ччу, прысл.
Разм. За плячамі. Заплеччу едуць [боты], як двайняты, На перавясле моцнай дзягі. Барадулін.
заплёскацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пачаць плёскацца.