падлі́ць, падалью, падальеш, падалье; падальём, падальяце і падлію, падліеш, падліе; падліем, падліяце; заг. падлі; зак., што і чаго.
1. Дадаць чаго‑н. вадкага; наліць яшчэ крыху. Падліць кавы ў шклянку. □ Як выйдуць паліваць тыя пасадкі, Васілінка абавязкова падалье пабольш вады пад той «свой» куст. Ус. А з’еўшы адно, паглядаю, Ці хто больш чаго падліе. Купала. Мужчыны вылезлі з-за стала, а Саламея падліла сабе стравы і канчала вячэраць. Гартны.
2. Наліць пад што‑н. Падліць вядро вады пад куст.
•••
Падліць масла ў агонь — абвастрыць якія‑н. непрыязныя адносіны, пачуцці і пад.
падлі́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падлічыць.
падлі́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падлічваць — падлічыць.
падлі́чвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падлічваць.
падлі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падлічыць.
падлічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак.
Палічыўшы, вызначыць суму, колькасць каго‑, чаго‑н.; падвесці вынікі. Сільчанка ўстаў з-за стала, каб падлічыць узнятыя рукі. Мележ. Стоячы каля хаты, Канстанцін Міхайлавіч падлічыў, колькі год пасаджаным яго рукамі дрэвам. Лужанін.
падло́г, ‑у, м.
Падробка з мэтай ашукаць каго‑н.; падман, ашуканства. [Вера:] Таварышы! Гэта ж падлог, жульніцтва. [Левановіч:] Што? Пісьмо фальшывае? Крапіва. Ад смерці бог фашыстаў не ўбярог, Хоць позна, разгадаў усё ж падлог — Убачыў іклы пад авечай маскай. Жычка. Усё як ёсць табе відаць адразу — І кроў, і здрада, і падлог, і гнеў. Бураўкін.
падло́га, ‑і, ДМ ‑лозе, ж.
1. Насціл у памяшканні, па якім ходзяць. Паркетная падлога. □ Глеб Іванавіч устаў і захадзіў па цеснай хаце, прыслухоўваючыся, як рыпіць падлога пад нагамі. Дуброўскі. Млын калаціўся, скрыпеў падлогаю, гуў камянямі. Чорны.
2. Дол, ніз (пераважна ў жыллёвым памяшканні). Насцілу ў хаце яшчэ не было, падлога засталася земляная. Кавалёў. У зямлянку з дзвярэй прарвалася вада, яна залівала гліняную падлогу. Гурскі.
падло́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм. Падводная лодка. Гэта будзе кароткі, ды сумны расказ... Не вярнулася ў гавань падлодка. На вайне такое бывала не раз. Жычка.
падло́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падлажыць.