Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

памы́снасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць памыснага.

памы́сны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Жаданы, згодны з думкамі; удалы, шчаслівы. [Стахура:] — Ну, вып’ем за памыснае заўтра... Пестрак.

памы́цца, ‑мыюся, ‑мыешся, ‑маецца; зак.

Памыць сябе, вымыцца. Трэба было даць людзям памыцца ў лазнях, адпачыць пасля гарачай пары сенакосу. Асіпенка. — Бяжы, сынок, на кухню, памыйся хаця. Чорны.

памы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., каго-што.

Зрабіць чыстым пры дапамозе мыцця; вымыць. Памыла [Маша] бялізну, вышаравала падлогу. Шамякін.

памякча́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для памякчэння, змякчэння чаго‑н. Памякчальная мазь.

памякчэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які памякчэў, стаў мяккім. Памякчэлы воск.

2. перан. Які страціў суровасць, стаў больш лагодным. — Не кажыце, — няўпэўнена пярэчыць прыкметна памякчэлы бацька. Мележ.

памякчэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле дзеясл. памякчэць (у 1 знач.).

памякчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш мяккім, эластычным; пазбавіцца цвёрдасці. Косцю здалося, што памякчэў пад нагамі асфальт, пасвяжэла на вуліцы. Адамчык.

2. перан. Страціць суровасць, стаць больш лагодным. — Ды я не пра гэта, — адразу ж памякчэў, палагаднеў бацька, — я хацеў сказаць, каб ты не дурэў, не смяшыў людзей... Сачанка. Кастусь ведаў шмат сентыментальных рамансаў, якія даходзяць да таямніц жаночае душы, прымушаюць жанчыну расчуліцца, сэрца яе — памякчэць. Шынклер. // Стаць больш прыветлівым, сардэчным (пра твар, голас і пад.). Твар у Валянціна памякчэў, засвяціўся радасцю. Кулакоўскі. Суровы голас Яўгенні Пятроўны тут памякчэў. Грамовіч.

3. Стаць слабейшым, менш адчувальным; паменшыцца (пра з’явы прыроды). Памякчэлі Маразы, Сталі ветлымі Вятры, Паласкавелі Снягі, Раздабрыліся Дажджы. Лужанін.

4. Стаць цяплейшым (пра надвор’е, клімат). Надвор’е памякчэла. □ І ўсё ж памякчэла зіма, стала больш лагоднай. «Звязда».

памяле́ць, ‑ее; зак.

Стаць мелкаводным; абмялець. За дзесяць год пакідалі [смецця] столькі, што калодзеж напалавіну памялеў. Шамякін. Уброд пераходжу праз плёс. Мне дзіўна і незразумела: Ці сам я настолькі падрос, Ці гэтак яна [рачулка] памялела. Аўрамчык.

памяло́, ‑а, н.

Венік з яловых, сасновых, бярозавых галінак, надзеты на палку, для вымятання або абмятання чаго‑н. Аўгінка вымятала памялом печ. Старанна згарнуўшы вуголле ў прыпечак, пачала класці дровы. Асіпенка. — Што ж, ідзі з дзядулем, — сказала маці сыну. — Праўда, нарві трусам кош травы. Яшчэ і сасновых лапак на памяло каламі, заўтра хлеб буду пячы. Рылько.