памякчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш мяккім, эластычным; пазбавіцца цвёрдасці. Косцю здалося, што памякчэў пад нагамі асфальт, пасвяжэла на вуліцы. Адамчык.

2. перан. Страціць суровасць, стаць больш лагодным. — Ды я не пра гэта, — адразу ж памякчэў, палагаднеў бацька, — я хацеў сказаць, каб ты не дурэў, не смяшыў людзей... Сачанка. Кастусь ведаў шмат сентыментальных рамансаў, якія даходзяць да таямніц жаночае душы, прымушаюць жанчыну расчуліцца, сэрца яе — памякчэць. Шынклер. // Стаць больш прыветлівым, сардэчным (пра твар, голас і пад.). Твар у Валянціна памякчэў, засвяціўся радасцю. Кулакоўскі. Суровы голас Яўгенні Пятроўны тут памякчэў. Грамовіч.

3. Стаць слабейшым, менш адчувальным; паменшыцца (пра з’явы прыроды). Памякчэлі Маразы, Сталі ветлымі Вятры, Паласкавелі Снягі, Раздабрыліся Дажджы. Лужанін.

4. Стаць цяплейшым (пра надвор’е, клімат). Надвор’е памякчэла. □ І ўсё ж памякчэла зіма, стала больш лагоднай. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)