заняво́льнік, ‑а, м.
Той, хто заняволіў або занявольвае каго‑, што‑н. Іншаземныя занявольнікі.
занядба́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. занядбаць.
занядба́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад занядбаць.
2. у знач. прым. Пакінуты без догляду. У занядбаным палісадніку, над пажоўклым быллём леташніх вяргінь, ціха шапацела кучаравая рабіна. Стаховіч. // Такі, якому не ўдзялялася належная ўвага. Яшчэ не так даўно апавяданне ў нас лічылася занядбаным жанрам. Бугаёў. // Такі, аб якім не дбаюць; бедны. Паэт гаварыў ад імя занядбанай, прыгнечанай вёскі. Жыццё, побыт гэтай вёскі ён ведаў, як ніхто. Навуменка.
занядба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Перастаць дбаць пра каго‑, што‑н., пакінуць каго‑, што‑н. без догляду, без увагі. Пасля смерці жонкі, якая была галавой у хаце, Трахім занядбаў гаспадарку. Чарнышэвіч.
заняду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Адчуць сябе хворым, нядужым; захварэць. — Нешта зусім кепска адчуваю сябе, проста-такі раскіс, занядужаў, — прызнаўся цяпер Янукевіч Ваўчку. Хадкевіч.
заняду́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да занядужаць.
заняду́жыцца, ‑жыцца; безас. зак., каму.
Пра адчуванне хваробы. Занядужылася нешта Базылю. Нікановіч.
заняме́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў адчувальнасць; адзеравянелы. Застаяўшыся на месцы, конь нецярпліва кудысь памыкаўся, можа, каб размяць сваё занямелае цела, а можа, каб вырвацца ад няпрошаных гаспадароў. Колас.
2. перан. Маўклівы, прыціхлы. Занямелыя далі.