панегі́рык, ‑а, м.
1. У Старажытнай Грэцыі і Рыме — надмагільная пахавальная прамова, якая ўслаўляе подзвігі памёршага.
2. Празмерна хвалебны водзыў аб кім‑, чым‑н. [Генадзь:] — Яна [Міхаліна] прамову рыхтуе ў гонар завуча. Урачысты панегірык. Шамякін. // Пра літаратурны твор, які з’яўляецца хвалебным водзывам аб кім‑, чым‑н., пахвалой каго‑, чаго‑н. Панегірыкам, напрыклад, можна назваць рэцэнзію, у якой даецца занадта завышаная.. ацэнка таму ці іншаму літаратурнаму твору. А. Макарэвіч.
[Грэч. panēgyrikos (logos) — прамова на ўрачыстым сходзе.]
панегіры́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Той, хто празмерна захапляецца кім‑, чым‑н., услаўляе каго‑, што‑н. // Аўтар панегірыка; той, хто ўслаўляе каго‑, што‑н. у сваіх творах.
панегіры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да панегірыст.
панегіры́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да панегірыка, панегірыкаў, уласцівы ім. Панегірычная прамова.
пане́ль, ‑і, ж.
1. Дарожка для пераходаў па баках вуліцы, пакрытая каменем, асфальтам і пад.; тратуар. На вузенькай, цеснай вуліцы, дзе панель не шырэй метра, бегчы стала яшчэ цяжэй. Новікаў. Касьян вярнуўся па левую панель і павярнуў у завулак, які выводзіў на прыгараднае ўзвышша. Гартны.
2. Драўляная абшыўка або афарбоўка ніжняй часткі сцяны ў памяшканні. Сцены і столь у пакоі.. былі абабіты жоўтым кардонам, бэлькі пафарбаваны ў карынкавы колер, панелі абабіты фанерай, размаляванай пад дуб. Карпаў.
3. Спец. Мармуровая, пластмасавая і пад. дошка, якая з’яўляецца часткай шчыта або пульта кіравання. Асабліва зацікавіў хлопчыка куток, дзе размяшчалася панель кіравання. На чорным шчыце — рады белых круглых акенцаў і там не то гадзіннікі, не то манометры. Гамолка.
4. Спец. У зборным будаўніцтве — гатовы элемент збудавання ў форме вялікай пліты. За некалькі мінут мантажнікі ўмацоўваюць панель — і гатова сцяна яшчэ аднаго пакоя. «Звязда».
5. Спец. Квадратны або прамавугольны ўчастак шахтавага поля, абмежаванага штрэкамі.
[Ням. Paneel.]
пане́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да панелі. Панельны люк. // Спец. Зроблены з панелей (у 4 знач.). Панельная канструкцыя. Панельны дом.
панеляво́з, ‑а, м.
Аўтамабіль з нізкай грузавой платформай, прызначаны для перавозкі панелей сцен і перакрыццяў.
пане́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Незамужняя дачка пана. [Вашамірскі] жыў з трыма незамужнімі дочкамі, якіх у нас звалі паненкамі. Бядуля.
2. Уст. Маладая дзяўчына. Сястру.. [Казік] пакінуў цыбатым падлеткам, а цяпер, выходзіць, паненка. Грахоўскі.
пане́нчын, ‑а.
Які належыць паненцы. Ужо і ў паненчыных валасах заблішчала серабро. Ядвігін Ш.
панепако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; зак.
Разм.
1. Прабыць некаторы час у стане непакою.
2. Выявіць непакой, клопат аб кім‑, чым‑н. Панепакоіцца аб дзецях.