Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падключы́цца, ‑ключуся, ‑ключышся, ‑ключыцца; зак.

Далучыцца да сістэмы забеспячэння электрычнасцю, газам і інш. Клуб, як і ўсё сяло, асвятляўся электрычнасцю, — нядаўна заракітнянцы падключыліся да дзяржаўнай кальцавой высакавольтнай лініі. Краўчанка. // перан. Разм. Уключыцца ў работу, прыняць удзел у чым‑н. — Вядома, крыху шкодзілі немцам.. Сыпалі пясок у буквы, псавалі тармазы. Адзін раз развінцілі рэйкі, скінулі цягнік. Пачалі старыя рабочыя, потым моладзь падключылася. Навуменка.

падключы́ць, ‑ключу, ‑ключыш, ‑ключыць; зак., каго-што.

Далучыць да сістэмы забеспячэння электрычнасцю, газам і інш. Падключыць батарэі. □ У бочку паклалі [хлопцы] толавую шашку, прыладзілі ўзрывальнік, да яго падключылі провад. Новікаў. [Лесарубы] прывезлі з сабою паходную электрастанцыю, разматалі і расцягнулі на белым снезе чорныя тоўстыя жылы правадоў, падключылі да іх пілы. Паслядовіч. // перан. Разм. Прыцягнуць да работы, да ўдзелу ў чым‑н. Моладзь сабралася, каб павесці размову аб якасці будаўніча-мантажных работ.. Адны даводзілі, што можна абмежавацца рэйдамі камсамольскага штаба, другія прапанавала падключыць шматтыражку і «Маланку». Лукша.

падключы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які праходзіць, знаходзіцца пад ключыцай. Падключычная артэрыя.

падключэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падключыць і падключыцца.

падкляпа́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падкляпаць.

падкляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Прыкляпаць што‑н. да чаго‑н.

2. Закляпаць шчыльней, мацней.

падко́ва, ‑ы, ж.

1. Жалезная дугападобная пласціна, якая прыбіваецца пад конскія капыты для засцярогі іх ад пашкоджання, а таксама для таго, каб пазбегнуць слізгацення. Верхавыя падковы. □ Брук грыміць стукатам колаў і конскіх падкоў. Скрыган. // перан. Тое, што нагадвае форму такой пласціны. За домам — прастор сенажацяў аж да спавітай смугой падковы лесу. Навуменка. Невялічкая рэчка падковай агінала гуту. Гурскі.

2. Металічная пласцінка дугападобнай формы, якая прыбіваецца пад абцас абутку. Гаворачы,.. [Андрэй Клыга] паволі хадзіў па краі сцэны, грузна згінаючы ногі ў каленях і бразгаючы па сухіх дошках адстаўшымі падковамі ботаў. Чорны.

падко́ваны,

гл. падкаваны.

падковападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Такой формы, як падкова, падобны на падкову. Падковападобная бухта.

падко́л, ‑у, м.

Разм. З’едлівыя, непрыемныя словы, насмешка. Новікаў не падняў галавы ад работы, нібы і не чуў, што сказаў Рыгор, нібы не заўважыў падколу. Арабей.