падключы́ць, ‑ключу, ‑ключыш, ‑ключыць; зак., каго-што.
Далучыць да сістэмы забеспячэння электрычнасцю, газам і інш. Падключыць батарэі. □ У бочку паклалі [хлопцы] толавую шашку, прыладзілі ўзрывальнік, да яго падключылі провад. Новікаў. [Лесарубы] прывезлі з сабою паходную электрастанцыю, разматалі і расцягнулі на белым снезе чорныя тоўстыя жылы правадоў, падключылі да іх пілы. Паслядовіч. // перан. Разм. Прыцягнуць да работы, да ўдзелу ў чым‑н. Моладзь сабралася, каб павесці размову аб якасці будаўніча-мантажных работ.. Адны даводзілі, што можна абмежавацца рэйдамі камсамольскага штаба, другія прапанавала падключыць шматтыражку і «Маланку». Лукша.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)