Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падка́тчыца, ‑ы, ж.

Жан. да падкатчык.

падкаўне́рык, ‑а, м.

Вузкі кавалак белай матэрыі, які падшываецца пад каўнер. [Бацька] падшывае да шарсцяной камандзірскай гімнасцёркі новы падкаўнерык. Навуменка.

падкаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

1. Коцячыся, наблізіцца. Да ног Каваля падкацілася пустое вядро, ён адкінуў яго. Савіцкі. // Закаціцца куды‑н., пад што‑н. Мячык падкаціўся пад ганак.

2. перан. Разм. Хутка падысці, падбегчы да каго‑, чаго‑н. Макар, я ўжо ўзяў білеты, — падкаціўся да мяне круглячок Шаевіч. Сабаленка. Да.. [Шыковіча] падкаціўся Гамбіцкі, выхапіў з кішэні вялікую хустку, абмахнуў ёю твар. Шамякін.

3. перан. Аб раптоўным пачуцці болю, жаласлівасці і пад. У дзеда Талаша задрыжалі рукі і ногі, і востры боль падкаціўся к самаму сэрцу. Колас. Слёзы бяссілля падкаціліся да горла. Шахавец.

4. перан. Разм. Лісліва звярнуцца да каго-небудзь, дамагаючыся чаго‑н. Злодзей і ашуканец, чалавек без сумлення і сораму, .. [Халуста] хутка і так спрытна падкаціўся да пана, што стаў яго першым дарадчыкам. Чарнышэвіч. // Падлашчыцца да жанчыны. [Матушка:] — [Панна Людміла] цяпер тут, у пісара. Вечарам у пісара бліны будуць. Вось вы і падкаціцеся да яе. Яна дзяўчына сімпатычная. Колас.

•••

Ком падкаціўся да горла гл. ком.

падкаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.

1. што. Коцячы, наблізіць. Жучка падкаціла бліжэй да сябе ўсе бульбіны, легла каля іх і цікуе... Каліна. // Закаціць куды‑н., пад што‑н. Падкаціць бочку к пограбу.

2. што. Падвезці што‑н. да чаго‑н., устаноўленае на колах, палазах і пад. Падкаціць да самалёта трап. □ Да століка падкаціла цялежку Турава. Савіцкі. // каго. Разм. З шыкам падвезці каго‑н. да чаго‑н. Ячны хацеў падкаціць мяне да самага парога, але я адпрасіўся, пайшоў пехатой. Брыль.

3. да каго-чаго і без дап. Хутка пад’ехаць. Брычка лёгка падкаціла да чырвонай драўлянай будыніны. Асіпенка. Мы не паспелі яшчэ як след апрануцца, калі да ганка стралой падкаціла двое нартаў. Бяганская.

4. перан. Аб раптоўным пачуцці болю, жаласлівасці і пад. У грудзі падкаціла трывога, ці не чакае такі лёс усё маё пісанне наогул. Лужанін.

падкача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае, зак.

Разм. Не выканаць абяцанага; падмануць, не апраўдаць даверу, надзей. Грышку ўсе давяралі, і ён ніколі ні ў чым не падкачаў, дармо што быў малы, і яго называлі свінапасам. Чарот. // Аказацца горшым, чым спадзяваліся. [Саша:] — А вось у мяне хімія падкачала — «тры». Васілевіч.

падква́сіцца, ‑сіцца; зак.

Заквасіцца злёгку.

падква́сіць, ‑квашу, ‑квасіш, ‑квасіць; зак., што і чаго.

Крыху, нямнога або дадаткова заквасіць. Падквасіць капусты.

падква́ска, ‑і, ДМ ‑квасцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падквасіць.

падква́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падквасіць.

падква́шванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падквашваць.