заляца́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. заляцацца.
заляца́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.; да каго.
Аказваць увагу, дагаджаць жанчыне, імкнучыся выклікаць прыхільнасць. Усе ў брыгадзе ведалі, што Віталь заляцаецца да Тамары, але ці карыстаецца ён поспехам у яе, пра гэта нічога пэўнага вядома не было. Васілёнак.
заляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце, ‑ляцяць; зак.
1. Летучы, апынуцца далёка або высока. Заляцець на Месяц. // Летучы, апынуцца за чым‑н., за якім‑н. прадметам. Мяч заляцеў за плот. Самалёт заляцеў за хмару.
2. Уляцець, папасці куды‑н. Заляцела ў Васеў двор старая варона. Курто. Толькі суседзі яшчэ пільнавалі свае хаты, каб якая-небудзь выпадковая іскра не заляцела на іх стрэхі. Шамякін.
3. У час палёту наведаць якое‑н. месца, спыніцца ненадоўга. Самалёт заляцеў, каб забраць пошту. // перан. Разм. Спяшаючыся, забегчы мімаходам да каго‑н. У спешцы Гуз пераблытаў і, замест таго, каб трапіць на кармакухню, заляцеў у радзілку. Шахавец.
залячы́цца, ‑лечыцца; зак.
Разм. Зажыць, загаіцца ў выніку лячэння. Рана хутка залячылася.
залячы́ць, ‑лячу, ‑лечыш, ‑лечыць; зак., каго-што.
1. Загаіць шляхам лячэння. Залячыць рану. // Разм. Вылечыць не поўнасцю; ліквідаваць толькі знешнія адзнакі хваробы; падлячыць. Залячыць хваробу.
2. Разм. Змучыць лячэннем. Залячылі да смерці.