Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

закілза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Укласці каню цуглі ў рот. Закілзаць каня.

закі́лзванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. закілзваць — закілзаць.

закі́лзвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да закілзваць.

закі́лзваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да закілзаць.

закі́нутасць, ‑і, ж.

Стан закінутага. Журботныя думкі навявалі гэтыя могілкі сваёю закінутасцю і адзіноцтвам. Колас.

закі́нуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад закінуць.

2. у знач. прым. Забыты, недагледжаны. Каля .. дарогі стаіць вялізны пусты дом, .. закінутая дача з цагляным падвалам. Колас.

закі́нуцца, ‑нецца; зак.

1. Заляцець, упасці за што‑н. Мяч закінуўся за плот.

2. Разм. Згубіцца, заваліўшыся куды‑н., за што‑н. Ключ недзе закінуўся.

3. Адкінуцца (назад, убок). Галава закінулася назад.

закі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць (звычайна з сілай), каб прадмет аказаўся ў пэўным месцы. Закінуць мяч у сетку. □ І кажа раз Алесік брату: — Закінем кнігі ў снег, за хату, — Ты «верую», а я «начаткі», І пойдуць іншыя парадкі. Колас. // Рэзкім рухам, узмахам ускінуць, зачапіць за што‑н. Паляўнічы спрытным рухам закінуў стрэльбу за плячо, падбег да здабычы. Гамолка. Стараста закінуў лейцы на нашы штыкеты, а сам зайшоў на двор. Якімовіч. / у безас. ужыв. Хлопец ішоў з цяжкім грузам на вялікай хуткасці, тармазнуў, і прычэп закінула. Мяжэвіч. // Згубіць, паклаўшы не на месца. Дзеці закінулі недзе нож. // Разм. Даць, пакласці (корм жывёле). — Я ўжо каня адпрог і сена яму ў драбіну закінуў, — азваўся з печы Пеця. Скрыпка. // перан. Прымусіць апынуцца дзе‑н. [Вайна] закінула.. [Салаўёва] ў беларускія лясы, аб якіх ён упершыню пачуў толькі на фронце. Шахавец.

2. Адкінуць, адвесці (частку цела, адзення і пад.) уверх, убок; надаць іншае становішча. Закінуць нагу на нагу. Закінуць рукі за галаву. □ — Калгасы цяпер не тыя, Уладзімір Васільевіч, — паціснуў плячамі Свідраль і закінуў жаўтаваты жмуток валасоў з ілба ўгару. Дуброўскі.

3. Перастаць займацца чым‑н., пакінуць каго‑, што‑н. без догляду; занядбаць. Закінуць вучобу. Закінуць дзяцей. Закінуць гаспадарку. □ Пад вясну ж па школе і ў калгасе было столькі спраў, што нашы з Васілём заняткі па музыцы прыйшлося закінуць. Кавалёў.

4. Разм. Даставіць, пераслаць у якое‑н. месца. Закінуць дэсант. Закінуць разведчыка ў варожы тыл.

•••

Закінуць агонь — неасцярожна карыстаючыся агнём, выклікаць пажар. — Вы не бойцеся, — сказаў Харытон. — Мы не закінем агню, мы ж не дзеці. Баранавых.

Закінуць вуду — асцярожна, намёкам задаць пытанне з мэтай выведаць што‑н.

Закінуць іскру (у душу) — узбудзіць, выклікаць якое‑н. пачуццё; даць падставу для чаго‑н.

Закінуць слова (слоўца) — пахадайнічаць за каго‑н., аказаць падтрымку.

Як за сябе закінуць — хутка і многа з’есці, выпіць.

закіпа́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. закіпаць — закіпець ​1.

закіпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Пачынаць кіпець, даходзіць да кіпення.