Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падхалі́мнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Паводзіць сябе як падхалім. [Сабалеўскі] не столькі распытваў пацярпеўшых для высвятлення справы, колькі падхалімнічаў і выслужваўся перад сваімі, як ён называў іх, «калегамі». Машара.

падхалі́мскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Уласцівы падхаліму. Падхалімская ліслівасць. Падхалімскія звычкі.

падхалі́мства, ‑а, н.

Разм. Паводзіны падхаліма. Праявіць падхалімства.

падхаму́тнік, ‑а, м.

Лямцавая падкладка пад хамутом.

падхапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак.

Разм.

1. Хутка, імкліва ўстаць, усхапіцца з месца. Вартавы ўпаў, але праз момант падхапіўся і шпарка пабег у глыбіню двара. Шамякін. Дзяўчына зірнула на свой наручны гадзіннік, кінула нажніцы і падхапілася: — Ой, хлопчыкі! Я зноў спазнілася ў вытворчыя майстэрні. Даніленка.

2. Нечакана ўзнікнуць, узняцца. Падхапіўся мароз. □ Як на тое, падхапіўся страшэнны вецер. Ён вырываў з будынкаў дранічыны, ахапкі сена і разносіў агонь навокал. Пальчэўскі.

падхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Схапіўшы або абхапіўшы рукамі, падняць, падтрымаць. — Ну, а ты, сын? — бацька падхапіў на рукі Даніка. — Чым жа добрым ты парадуеш сям’ю? Даніленка. Ускрыкнула, пахіснулася маці. Падхапілі яе дзеці, пасадзілі на лаўку. Місько.

2. Схапіць у момант палёту, падзення; злавіць. Я, кінуўшы вудзільна, хацеў падхапіць .. [рыбіну] рукамі, але паслізнуўся і потырч паляцеў у ваду. Ляўданскі. Аксана адвярнулася, пазіраючы нібыта ў бок вёскі, слязу няпрошаную хуценька падхапіла хусткай. Кавалёў.

3. Рэзкім, паспешлівым рухам узяць, прыхапіць мімаходам з сабой. Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Мікіта з парогу падхапіў дзяўчыну, закруціўся. Дуброўскі. І калі побач упаў, скошаны варожай куляй таварыш, Павел падхапіў яго вінтоўку і пабег наперад... Кухараў. // перан. Разм. Узяць з сабой у якасці падарожнага. [Мужчына:] — Нідзе не чуваць было, каб хлапчук такі загінуў.. Я ж усё яго шукаў, жывога ці мёртвага. Ёсць яшчэ надзея, што яго маглі падхапіць на сваю машыну чырвонаармейцы. Чорны. // Захапіць сілай руху і пад. Снегавы пыл заблішчаў на сонцы, вецер падхапіў яго, закруціў над платформай і памчаў за вагоны... Савіцкі. Імклівыя воды ракі падхапілі.. [човен] і шпарка панеслі ўніз па цячэнню. Федасеенка.

4. Разм. Набыць, знайсці, займець. Станіслаў дастаў з клунка некалькі кавалкаў беконнай свініны, з прораззю, завэнджанай.. — Дзе ты гэтулькі падхапіў бекону? — здзівіўся Юрчанка. Гурскі. Эміль Клебер.. падхапіў сабе жонку, маладую асобу, але даволі практычную ў справах хатняй гаспадаркі. Чорны. // Атрымаць, схапіць якую‑н. хваробу. — Ну, а ты, навабранец, дзе жаўтуху падхапіў? — звярнуўся .. [доктар] да мяне. С. Александровіч. Паслухаўшы маё цяжкае дыханне,.. [фельчар] здзіўлена запытаўся, дзе я мог падхапіць двухбаковае запаленне лёгкіх. Рамановіч.

5. Прадоўжыць, падтрымаць пачатае другім. Падхапіць пачын. □ Маці параіла зрабіць з савы чучала, і дзеці з радасцю падхапілі гэтую прапанову. Пальчэўскі. Спярша працавалі моўчкі, потым нехта кінуў жарт, яго падхапілі, засмяяліся. Хадкевіч. // Разм. Пераняць, запазычыць што‑н. чужое. [Маладога] слухаюць і патураюць яму.. Нават ужо і слова яго падхапілі, якое ён часта гаворыць. Чорны. [Цэйта] дзесьці падхапіла раманс, якога, здаецца, у мястэчку ніхто не ведаў. Сташэўскі.

6. Пачаць падпяваць. Калі ўваходзілі ў пасёлак, Ніна зноў заспявала.. Мы весела падхапілі песню, і яна паляцела, нібы птушка, у дажджліва-туманныя прасторы. Бяганская.

падхарашы́цца, ‑харашуся, ‑харошышся, ‑харошыцца; зак.

Разм. Надаць сабе больш прыгожы выгляд, прыхарашыцца. Маладыя прайшлі ў спальню, каб там падхарашыцца і пышна выйсці да гасцей. Сташэўскі.

падхарашы́ць, ‑харашу, ‑харошыш, ‑харошыць; зак., каго-што.

Разм. Надаць каму‑, чаму‑н. больш прыгожы выгляд. Прыйшло ў гэты свет невядома адкуль нешта чароўнае, вясёлае і змяніла, перайначыла яго, падхарашыла людзей. Адамчык.

падхаро́шванне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падхарошваць — падхарашыць.

падхаро́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да падхарашыцца.