падхапіць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.
1. Схапіўшы або абхапіўшы рукамі, падняць, падтрымаць. — Ну, а ты, сын? — бацька падхапіў на рукі Даніка. — Чым жа добрым ты парадуеш сям’ю? Даніленка. Ускрыкнула, пахіснулася маці. Падхапілі яе дзеці, пасадзілі на лаўку. Місько.
2. Схапіць у момант палёту, падзення; злавіць. Я, кінуўшы вудзільна, хацеў падхапіць .. [рыбіну] рукамі, але паслізнуўся і потырч паляцеў у ваду. Ляўданскі. Аксана адвярнулася, пазіраючы нібыта ў бок вёскі, слязу няпрошаную хуценька падхапіла хусткай. Кавалёў.
3. Рэзкім, паспешлівым рухам узяць, прыхапіць мімаходам з сабой. Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Мікіта з парогу падхапіў дзяўчыну, закруціўся. Дуброўскі. І калі побач упаў, скошаны варожай куляй таварыш, Павел падхапіў яго вінтоўку і пабег наперад... Кухараў. // перан. Разм. Узяць з сабой у якасці падарожнага. [Мужчына:] — Нідзе не чуваць было, каб хлапчук такі загінуў.. Я ж усё яго шукаў, жывога ці мёртвага. Ёсць яшчэ надзея, што яго маглі падхапіць на сваю машыну чырвонаармейцы. Чорны. // Захапіць сілай руху і пад. Снегавы пыл заблішчаў на сонцы, вецер падхапіў яго, закруціў над платформай і памчаў за вагоны... Савіцкі. Імклівыя воды ракі падхапілі.. [човен] і шпарка панеслі ўніз па цячэнню. Федасеенка.
4. Разм. Набыць, знайсці, займець. Станіслаў дастаў з клунка некалькі кавалкаў беконнай свініны, з прораззю, завэнджанай.. — Дзе ты гэтулькі падхапіў бекону? — здзівіўся Юрчанка. Гурскі. Эміль Клебер.. падхапіў сабе жонку, маладую асобу, але даволі практычную ў справах хатняй гаспадаркі. Чорны. // Атрымаць, схапіць якую‑н. хваробу. — Ну, а ты, навабранец, дзе жаўтуху падхапіў? — звярнуўся .. [доктар] да мяне. С. Александровіч. Паслухаўшы маё цяжкае дыханне,.. [фельчар] здзіўлена запытаўся, дзе я мог падхапіць двухбаковае запаленне лёгкіх. Рамановіч.
5. Прадоўжыць, падтрымаць пачатае другім. Падхапіць пачын. ▪ Маці параіла зрабіць з савы чучала, і дзеці з радасцю падхапілі гэтую прапанову. Пальчэўскі. Спярша працавалі моўчкі, потым нехта кінуў жарт, яго падхапілі, засмяяліся. Хадкевіч. // Разм. Пераняць, запазычыць што‑н. чужое. [Маладога] слухаюць і патураюць яму.. Нават ужо і слова яго падхапілі, якое ён часта гаворыць. Чорны. [Цэйта] дзесьці падхапіла раманс, якога, здаецца, у мястэчку ніхто не ведаў. Сташэўскі.
6. Пачаць падпяваць. Калі ўваходзілі ў пасёлак, Ніна зноў заспявала.. Мы весела падхапілі песню, і яна паляцела, нібы птушка, у дажджліва-туманныя прасторы. Бяганская.