Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напераво́зіць, ‑вожу, ‑возіш, ‑возіць; зак., каго-чаго.

Перавезці вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Наперавозіць людзей на другі бераг ракі.

напераго́нкі, прысл.

Стараючыся апярэдзіць іншых; навыперадкі. Хлопцы наперагонкі кінуліся туды, дзе між кустоў ляжаў валун чырванаватага колеру. С. Александровіч.

напе́рад, прысл. і прыназ.

1. прысл. У напрамку перад сабой; у напрамку руху; проціл. назад. Зрабіць крок наперад. Працягнуць руку наперад. Падацца наперад. □ Дзяўчына стаяла нерухомая і глядзела наперад. Маўр. // Уперад іншых. Зіна налегла на палкі, вырвалася [на лыжах] наперад. Шыцік. Зелянюк прайшоў наперад і сеў ля стала на лаўку, а Таццяна асталася стаяць ля парога. Зарэцкі. // у знач. выкл. Ужываецца як каманда рухацца ў напрамку перад сабой. «Наперад!» — .. падаў каманду Ягораў, і сам першы ступіў на лёд. Краўчанка.

2. прысл. Далей, няспынна развіваючыся. Навучанне хоць марудна, але пасоўваецца наперад. Колас. Жыццё ішло няспыннаю хадою наперад і наперад. Дубоўка. // перан. У будучыню. Да светлай мэты ўрачыста, Дзе камунізма ззяе дзень, Ідуць з’яднана камуністы, Наперад Ленін іх вядзе. Хведаровіч. Новы дзень нас наперад заве, — не шкадуй сваіх сіл для айчыны! Дубоўка.

3. прысл. Разм. Спачатку, раней за што‑н. іншае. Трэба сказаць наперад, што цвік гэты выцягнуў Наўмыснік. Чорны. // Загадзя, раней таго, што можа адбыцца, здарыцца. Ніколі не трэба наперад нічым хваліцца. Чорны. Насустрач пайшлі яны адзін аднаму, не аглядаючыся назад і нічога не задумваючы наперад. Васілевіч.

4. прысл. Раней вызначанага тэрміну, у лік будучага; авансам. Узяць плату наперад.

5. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «наперад» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, на лінію руху якіх ці ў напрамку перад якімі хто‑, што‑н. выходзіць, выбягае і пад. Другі жаўнер мерыцца ў яго з вінтоўкі, але Данілава маці забягае жаўнеру наперад, засланяючы Данілу. Крапіва.

•••

Забегчы наперад гл. забегчы.

Заглянуць наперад гл. заглянуць.

Крок наперад гл. крок.

наперадава́ць, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце; зак., чаго.

Разм.

1. Перадаць, уручыць значную колькасць чаго‑н. Наперадаваць падарункаў.

2. Неаднаразова перадаць, перадавіць чаго‑н. Наперадаваць лішніх грошай пры разліку.

напе́радзе, прысл. і прыназ.

1. прысл. На нейкай адлегласці перад кім‑, чым‑н. Наперадзе быў фронт. □ Наперадзе, праз паўкіламетра, шлях браўся направа. Мележ. Дзед Астап ступіў колькі крокаў да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе. Лынькоў. // Паперадзе іншых, перад кім‑, чым‑н. Перад апошнім домам машына, што ішла наперадзе, спынілася. Паслядовіч. // Сярод першых, першым у якой‑н. справе. Матцы хочацца бачыць сваё дзіця ў людскім авангардзе, наперадзе. Ермаловіч. Камуністы наперадзе ўсюды, заўсёды. Танк.

2. прысл. У будучым. Наперадзе цэлае жыццё. У яго ўсё наперадзе. □ Наперадзе многа дарог І шмат далячынь. Колас. // Аб тым, што яшчэ будзе. Наперадзе чакала работа цяжкая і доўгая: малацьба. Чарнышэвіч. Спяшацца асабліва не было чаго, бо прымчалі хутка і дзень быў яшчэ наперадзе. Кулакоўскі.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. «наперадзе» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, на некаторай адлегласці перад якімі хто‑, што‑н. знаходзіцца. Наперадзе палка над галовамі салдат плыў у паветры штандар. Самуйлёнак.

наперазніма́ць і напераздыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Разм. Перазняць вялікую колькасць чаго‑н. Наперазнімаць планаў.

наперакіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Перакінуць цераз што‑н., перамясціць на іншае месца вялікую колькасць чаго‑н. Наперакідаць дроў цераз плот.

наперакі́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Тое, што і наперакідаць.

напераклада́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Перакласці на іншае месца значную колькасць чаго‑н. Наперакладаць кніг з аднаго стала на другі.

напераклада́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Разм. Перакласці на іншую мову або перадаць іншымі сродкамі значную колькасць чаго‑н. Наперакладаць вершаў.

наперако́р,

1. прысл. Не так, як жадалі, хацелі, чакалі; насуперак. Зрабіць наперакор. □ Так за ўсё жыццё Юзэфа і не сказала мужу слова наперакор. Броўка.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «наперакор» выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры назве асобы, прадмета або з’явы, насуперак якім, нягледзячы на якія што‑н. адбываецца. Максіма ў ваенна-марское вучылішча не прынялі, і ён, наперакор жадання бацькоў, на злосць усім, паехаў у марскі тэхнікум. Шамякін. Наперакор ліхой стыхіі, На гэтай згруджанай жарстве, Узняўшы вежы залатыя, Прыгожы горад расцвіце. Глебка.