напе́рад, прысл. і прыназ.
1. прысл. У напрамку перад сабой; у напрамку руху; проціл. назад. Зрабіць крок наперад. Працягнуць руку наперад. Падацца наперад. □ Дзяўчына стаяла нерухомая і глядзела наперад. Маўр. // Уперад іншых. Зіна налегла на палкі, вырвалася [на лыжах] наперад. Шыцік. Зелянюк прайшоў наперад і сеў ля стала на лаўку, а Таццяна асталася стаяць ля парога. Зарэцкі. // у знач. выкл. Ужываецца як каманда рухацца ў напрамку перад сабой. «Наперад!» — .. падаў каманду Ягораў, і сам першы ступіў на лёд. Краўчанка.
2. прысл. Далей, няспынна развіваючыся. Навучанне хоць марудна, але пасоўваецца наперад. Колас. Жыццё ішло няспыннаю хадою наперад і наперад. Дубоўка. // перан. У будучыню. Да светлай мэты ўрачыста, Дзе камунізма ззяе дзень, Ідуць з’яднана камуністы, Наперад Ленін іх вядзе. Хведаровіч. Новы дзень нас наперад заве, — не шкадуй сваіх сіл для айчыны! Дубоўка.
3. прысл. Разм. Спачатку, раней за што‑н. іншае. Трэба сказаць наперад, што цвік гэты выцягнуў Наўмыснік. Чорны. // Загадзя, раней таго, што можа адбыцца, здарыцца. Ніколі не трэба наперад нічым хваліцца. Чорны. Насустрач пайшлі яны адзін аднаму, не аглядаючыся назад і нічога не задумваючы наперад. Васілевіч.
4. прысл. Раней вызначанага тэрміну, у лік будучага; авансам. Узяць плату наперад.
5. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «наперад» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, на лінію руху якіх ці ў напрамку перад якімі хто‑, што‑н. выходзіць, выбягае і пад. Другі жаўнер мерыцца ў яго з вінтоўкі, але Данілава маці забягае жаўнеру наперад, засланяючы Данілу. Крапіва.
•••
Забегчы наперад гл. забегчы.
Заглянуць наперад гл. заглянуць.
Крок наперад гл. крок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)