наперадзе, прысл. і прыназ.
1. прысл. На нейкай адлегласці перад кім‑, чым‑н. Наперадзе быў фронт. ▪ Наперадзе, праз паўкіламетра, шлях браўся направа. Мележ. Дзед Астап ступіў колькі крокаў да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе. Лынькоў. // Паперадзе іншых, перад кім‑, чым‑н. Перад апошнім домам машына, што ішла наперадзе, спынілася. Паслядовіч. // Сярод першых, першым у якой‑н. справе. Матцы хочацца бачыць сваё дзіця ў людскім авангардзе, наперадзе. Ермаловіч. Камуністы наперадзе ўсюды, заўсёды. Танк.
2. прысл. У будучым. Наперадзе цэлае жыццё. У яго ўсё наперадзе. ▪ Наперадзе многа дарог І шмат далячынь. Колас. // Аб тым, што яшчэ будзе. Наперадзе чакала работа цяжкая і доўгая: малацьба. Чарнышэвіч. Спяшацца асабліва не было чаго, бо прымчалі хутка і дзень быў яшчэ наперадзе. Кулакоўскі.
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. «наперадзе» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, на некаторай адлегласці перад якімі хто‑, што‑н. знаходзіцца. Наперадзе палка над галовамі салдат плыў у паветры штандар. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)