заво́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. завозіць — завезці (у 2 знач.).
заво́зна, безас. у знач. вык.
Пра вялікую колькасць прывезенага ў млын збожжа, пра вялікі завоз (у 2 знач.). Завозна каля млына, стаяць калёсы, нагружаныя мяшкамі зерня. Гурскі. Як умалотна, дык і завозна. З нар. // перан. Наогул пра вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Па Волзе паром самаходны ідзе Насустрач вірлівай настойлівай плыні. Завозна, і вольнага месца нідзе Не адшукаеш на гэтай махіне. Зарыцкі.
заво́знік, ‑а, м.
Той, хто прывёз малоць збожжа ў млын. З расчыненых дзвярэй ветрака патыхае свежым млівам. На парозе сядзяць завознікі і кураць. Сабаленка. Каля млынавых дзвярэй завознікі здымалі мяшкі з вазоў. Баранавых. Пятым завознікам былі жанчына з выразам нейкай суровай стомленасці ў вачах. Брыль.
заво́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Завезены адкуль‑н.; прывазны. Завознае насенне.
2. Які мае адносіны да завозу (у 2 знач.); з вялікім завозам. Завозны дзень на млыне.
заво́іна, ‑ы, ж.
Абл. Невялікая затока ў рэчцы з павольным цячэннем. Завоінай называлася паласа стаячай вады пры беразе. Колас.
заво́йкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць войкаць.
заво́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. заворваць 1 — заараць 1.
заво́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да заарацца.
2. Зал. да заворваць 1.