Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паддо́н, ‑а, м.

1. Падстаўка пад дно.

2. Спец. Скрыня, клетка без века, накрыўкі для перавозкі, пад’ёму якіх‑н. матэрыялаў. Паддон з цэглай. □ [Іван] ездзіў па рэйках на сваім кране ўзад і ўперад, падымаў паддоны з растворам. Грахоўскі.

3. Днішча якой‑н. прылады, машыны, у якім змяшчаецца або адкуль сцякае вада, масла.

паддо́ннік, ‑а, м.

Падстаўка або падсцілка пад што‑н. Гліняны паддоннік. Паддоннік пад настольную лямпу.

паддо́нны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад дном чаго‑н.

паддо́пытнасць, ‑і, ж.

1. Знаходжанне пад следствам.

2. Спец. Размежаванне паўнамоцтваў на правядзенне крымінальных спраў паміж рознымі органамі расследавання.

паддо́пытны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад следствам. Паддопытныя арыштанты. / у знач. наз. паддо́пытны, ‑ага, м.; паддо́пытная, ‑ай, ж. Маёр прывык чуць розныя паказанні, але прызнанне Далінкі было такое нечаканае для следства, што Мядзведзеў не вытрымаў і здзіўлена паглядзеў на паддопытнага. Асіпенка. [Камароўскі:] — Раю пану змяніць тон размовы са мной. Я не панскі паддопытны. Машара. // Які прызначаны для тых, што знаходзяцца пад следствам. Паддопытнае аддзяленне.

паддо́следны, ‑ая, ‑ае.

Такі, на якім ці над якім праводзяцца розныя доследы. Паддоследная мыш. Паддоследнае поле.

паддра́жніванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. паддражніваць — паддражніць.

паддра́жніваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да паддражніць.

паддражні́ць, ‑дражню, ‑дражніш, ‑дражніць; зак.

Разм. Падражніць злёгку, нядоўга; дражнячы, падбухторыць.

паддрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і чаго.

Надрукаваць дадаткова, яшчэ крыху.