патрыво́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Трывожыцца, непакоіцца некаторы час. Калі.. [Лёня] у гэтыя хвіліны прыйшоў, то няхай пачакае, няхай патрывожыцца, як яна, ды папаглядзіць ва ўсе бакі. Кулакоўскі.
патрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Выклікаць трывогу, неспакой. А як вечарам прыйшоў з лесу мой тата і сказаў, што ў Пятровіцах.. воўк патрывожыў пастухоў і авечак, то ўсе ў нас дома пераканаліся, што я сапраўды спаткаўся з воўкам. Колас. Убачыўшы, што на яе [Лёдзю] глядзіць Сева Кашын, яна здагадалася: гэта яго позірк патрывожыў яе. Карпаў.
2. Патурбаваць каго‑н. [Марыя] асцярожна хадзіла каля агню, баючыся патрывожыць Ільіча, відаць, ён нешта важнае абдумваў. Гурскі. [Рыгор:] — Прабачайце, што патрывожыў у гэткі час. Гартны.
патрыёт, ‑а, М ‑ёце, м.
Той, хто любіць сваю радзіму, свой народ і гатовы для іх на подзвігі. [Атрад] складаўся спачатку толькі з невялікай групы патрыётаў. Брыль. Разам з партызанамі з усімі воінскімі ўшанаваннямі быў пахаваны Цімох Гаравы, слаўны патрыёт сваёй Радзімы. Шчарбатаў. // перан.; чаго. Той, хто шчыра адданы якой‑н. справе, горача любіць што‑н. [Булай:] — Так, трэба быць патрыётам свайго калектыву, хварэць душой за яго справы. Шыцік.
[Ад грэч. patriōtēs — зямляк, суайчыннік.]
патрыётка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да патрыёт.
патры́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
Трызніць некаторы час. Чаго ў маладосці не было! А зараз мне навошта хвалявацца? Магу патрызніць, падрамаць, папеставацца... Валасевіч.
патрыманія́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Спадчынны, радавы.
[Лац. patrimonialis.]
патрыма́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад патрымаць.
2. у знач. прым. Ужываны, не новы. Нарэшце пашчасціла Паўлаўне! Інструмент, можна лічыць, куплены. Якраз такі, як шукалі з майстрам: патрыманы, але ў добрым стане, не дарагі, але гучны, сваёй — айчыннай фірмы. Лось.
патрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Трымацца некаторы час. Распытаўся доктар, што і як, патрымаўся за ручку ў малога. Крапіва. Ганна падхапіла Дзяніску і пабегла ў напрамку страляніны. «Патрымайцеся, родныя, патрымайцеся», — шаптала яна. Шамякін. Сноп святла патрымаўся некалькі хвілін на гумне і згас. Арочка.
патрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Трымаць некаторы час. [Птушка] адшчыпнула адну [шышку], патрымала ў дзюбе і скінула чамусьці на зямлю. Ляўданскі. Андрэй сунуў рукі ў вядро з нафтаю, патрымаў іх там крыху, потым пачаў выціраць пакуллем. Васілёнак. Цяпер, пасля спрэчкі, у галаву прыходзілі самыя важкія, самыя патрэбныя довады. Баталаў падумаў, што іх варта пакуль патрымаць у тайне. Асіпенка.
патрымо́ній, ‑я, м.
Спец. Спадчынная радавая маёмасць.