Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напашэ́ве, прысл.

Абл. Пад рукамі, нагатове. Спакаваўшы рэчы і падрыхтаваўшы, каб яны былі напашэве, .. [Лена] пабегла ў буфет. Скрыган.

напая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што і чаго.

Паяннем прырабіць, прымацаваць што‑н. да чаго‑н. Напаяць кавалак металу. // Прыпайваючы, падоўжыць што‑н. Напаяць капец восі.

напе́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

1. Разм. Узбіць пенай. Напеніць мыла для галення.

2. Уст. Напоўніць пеністай вадкасцю. Напеніць куфель піва.

напе́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напеніць.

наперабіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Перабіраючы, адабраць нейкую колькасць чаю‑н. Наперабіраць бульбы. Наперабіраць яблык.

наперабо́й, прысл.

Перабіваючы, перарываючы адзін аднаго. Стукаюць малаткі наперабой. □ Буль... буль... буль... — наперабой спадаюць у падстаўленыя гладышы буйныя звонкія кроплі. Ваданосаў. — Дзень добры, жанкі! — загучалі наперабой галасы гасцей. Мележ. // Стараючыся зрабіць што‑н. першым, раней за другога. — Сядай да нас! — наперабой запрашалі [Сяргея] салдаты. Гурскі. Хлопцы наперабой пачынаюць шукаць, якіх частак не хапае, што трэба замяніць. Асіпенка.

наперавалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Разм. Перавалачы за некалькі прыёмаў вялікую колькасць чаго‑н. Наперавалакаць мяшкоў.

напераваро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Перавярнуць, перакуліць вялікую колькасць чаго‑н.

напераве́с, прысл.

Трымаючы (стрэльбу, вінтоўку, піку і пад.) перад сабой, з нахілам уверх. — Стой! Страляць буду! — і Станіслаў узяў вінтоўку наперавес. Мікуліч. Поўны гневу, .. [Міхал] бег з аўтаматам наперавес і ва ўпор расстрэльваў гітлераўцаў. Краўчанка.

напераво́дзіць, ‑воджу, ‑водзіш, ‑водзіць; зак., каго-чаго.

Разм.

1. Перамясціць у іншае месца (знаходжання, працы, вучобы і інш.) у вялікай колькасці.

2. Патраціць, расходаваць без асаблівай карысці многа чаго‑н. Напераводзіць грошай.