Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

запе́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць перхаць.

запе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; пр. запёр, ‑перла і ‑пёрла; зак., каго-што.

1. Зачыніць (дзверы) на замок, засаўку і пад. Зося зачыніла дзверы, запёрла іх на закрутку і вярнулася ў хату. Гартны.

2. Змясціўшы каго‑, што‑н. куды‑н., зачыніць на замок, засаўку і пад. — Прывялі гэта нас да павятовага камісара, заперлі ў нейкі халодны склеп, у пустую адрыну. Колас. // перан. Закрыць выхад; заблакіраваць, ізаляваць. Вядзьмарка, за нешта помсцячы лапарам, хацела заперці іх у Польскай губе. М. Стральцоў. // перан. Разм. У шашачнай гульні — паставіць шашку ў становішча, з якога няможна рабіць хадоў.

3. Разм. Хутка даставіць, даімчаць куды‑н. За трыццаць капеек на нашы грошы, на сваіх харчах, кулі запрэ на сваім карку трохпудовы клунак за трыццаць кіламетраў ды яшчэ падзякуе. Маўр. // Усунуць, упакаваць куды‑н., у што‑н. Караблік жа не шлюпка, яго ў кантэйнер не запрэш. Быкаў. // перан. Саслаць, загнаць куды‑н. далёка. [Радзішчаў] так моцна пісаў, што мяне зацікавіла. Мусіць, добрую жменю солі панам падсыпаў .., што заварушыліся яны, як уюны, а Кацярына ажно ў Сібір заперла яго. Карамазаў.

запе́рціся, ‑пруся, ‑прэшся, ‑прэцца; ‑промся, ‑працеся; пр. запёрся, ‑перлася і ‑пёрлася; зак.

1. Знаходзячыся дзе‑н., замкнуць дзверы на замок, засаўку і пад.; закрыць уваход да сябе. Пік ужо раззлаваўся і, насварыўшыся на жонку, запёрся ў бакоўцы. Быкаў. // перан. Адасобіцца, адмежавацца ад навакольнага свету. Заперціся ў чатырох сценах.

2. Замкнуцца, зачыніцца. Вароты запёрліся.

3. Зак. да запірацца (у 3 знач.).

запе́сціць, ‑пешчу, ‑песціш, ‑песціць; зак., каго.

Разм. Спесціць.

запе́ў, ‑певу, м.

1. Пачатак харавой песні або куплета, які выконваецца запявалам. — Глыбокае мора, шырокае мора, — Старая запеў павяла, — Ды толькі глыбейшым было маё гора, Шырэйшаю скруха была. Бялевіч.

2. Пачатак быліны, звычайна не звязаны з яго зместам; зачын. // перан. Пачатак чаго‑н., уступ да чаго‑н. Публіцыстыка Ф. Багушэвіча была толькі запевам да той палымянай і шчырай песні, што велічна прагучала ў «Дудцы беларускай» і «Смыку беларускім». С. Александровіч.

запе́ўка, ‑і, ДМ ‑пеўцы; Р мн. ‑певак; ж.

Тое, што і запеў.

запе́ць 1, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак., што.

Частым выкананнем апошліць (песню, раманс і пад.). Каханне дарэшты запета. Глебка.

запе́ць 2, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак.

Пачаць пець.

за́печак, ‑чка, м.

Абл. Выступ печы, якім карыстаюцца як прыступкаю, узлазячы на печ. Бацька паклаў рукавіцы на паліцу каля печы, распрануў армяк, кінуў яго на запечак. Галавач. Захар сеў на запечку, слухаў, што гаварылі. Каваль.

запе́чак, ‑чка, м.

Месца паміж сцяною і печчу. [Вайсковец] запаліў ліхтарык і свяціў ім па хаце, заглядаючы на печ, у запечак і пад палок. Колас. У хаце панаваў спакой, нават цвыркун, перабраўшыся некуды ў запечак, відаць, змарыўся і змоўк. Хадкевіч.

запе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад запячы.

2. у знач. прым. Засохлы, загусцелы. На выцвілых гімнасцёрках — .. згусткі запечанай крыві. Курто.

запе́чны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца або жыве за печчу. Запечны абібок — наш кот Цімох — .. шчасліва мурлыча пад промнямі ласкавага сонца. Брыль. // перан. Які жыве бязвыезна ў сваёй мясцовасці, не ведае свету. — Я табе скажу, ты чалавек запечны, ты ціха жыў век у Сумлічах, пакуль на вайну не пайшоў. Чорны.