замо́ва, ‑ы; Р мн. ‑моў; ж.
Набор слоў і выразаў, якому забабонныя людзі прыпісваюць магічную сілу; заклінанне. Вярталіся бацькі дамоў, Аглядвалі старыя сохі Пад шэпты дзедаўскіх замоў. Глебка.
замо́віць 1, ‑моўлю, ‑мовіш, ‑мовіць; зак., каго-што.
Аказаць уздзеянне замовай; зачараваць. — Гэта — грошы заклятыя, Іх замовіў чараўнік. Колас.
замо́віць 2, ‑моўлю, ‑мовіш, ‑мовіць; зак., што.
Разм. У выразе: замовіць слова (слоўца) — тое, што і закінуць слова (гл. закінуць).
замо́жнасць, ‑і, ж.
Добрая матэрыяльная забяспечанасць; дастатак, багацце. Кінулася ў вочы.. заможнасць: у хаце новыя шпалеры, гардзіны на вокнах, дарожкі на падлозе, піяніна. Шамякін.
замо́жнік, ‑а, м.
Разм. Заможны чалавек; багацей. Адны ішлі на чыгунку — а яна праходзіла тут непадалёку — рамонтнымі рабочымі, другія складалі кадры батракоў і служачых у заможнікаў-кулакоў. Колас.
замо́жніцкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да заможніка, належыць яму. Скрозь мясцовасць то драбілася на яшчэ меншыя загончыкі, то збіралася ў асадніцкія фальваркі і заможніцкія хутары. Чорны.
замо́жны, ‑ая, ‑ае.
Матэрыяльна добра забяспечаны, багаты. Заможныя калгаснікі. Заможнае жыццё. □ Бацькі Анежкі не такія ўжо заможныя людзі, каб гадаваць са свайго дзіцяці толькі ляльку. Броўка.
замо́к, ‑мка, м.
1. Прыстасаванне для запірання на ключ чаго‑н. (дзвярэй, чамаданаў і пад.). Дзвярны замок. Вісячы замок. Унутраны замок. // Засцежка на бранзалеце, ланцужку і пад. // Разм. Від засцежкі ў адзенні. Замок-маланка.
2. Спец. Дэталь у некаторых відах агнястрэльнай зброі, пры дапамозе якой робіцца выстрал. Замок гарматы. □ [Дубінін] з кулямётам пачаў адпаўзаць .., а калі выбіўся з сілы, кулямёт укінуў у варонку ад бомбы, а замок узяў з сабою. Гурскі.
3. Спосаб злучэння частак драўляных канструкцый. Рубіць вугал у замок.
4. У архітэктуры — цэнтральны камень аркі, скляпення.
•••
За сямю (дзесяццю) замкамі — старанна схаваны, надзейна ахоўваецца.
Пад замком (на замку) — замкнуты. Сельмаг цэлы дзень на замку, бо прадаўшчыца таксама пайшла за жняяркай. Брыль.
Сядзець пад замком гл. сядзець.
Трымаць пад замком гл. трымаць.
замо́клы, ‑ая, ‑ае.
Які замок, стаў мокрым, вільготным. Замоклае сена.
замо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. замок, ‑ла; зак.
Разм.
1. Стаць мокрым, вільготным; намокнуць. Сена замокла. Запалкі замоклі.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набрыняўшы ад вільгаці, перастаць цячы. Бочка замокла.
замо́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да замаліць.