зады́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пачаць цяжка і часта дыхаць, стаміўшыся ад вялікай фізічнай нагрузкі. Падбег бацька. Задыхаўся і ў першую хвіліну не мог вымавіць слова. Навуменка. [Казік] задыхаўся, пакуль узлез на ганак. Чарнышэвіч.
задыха́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.
1. Адчуваць цяжкасць у дыханні з-за недахопу паветра; траціць магчымасць свабодна дыхаць па якой‑н. прычыне. Язэп скінуў гімнасцёрку — проста згараў, задыхаўся ад духаты. Асіпенка. Абраза балюча пякла сэрца. Дзяўчына задыхалася ад гневу і сораму. Шамякін. // перан. З цяжкасцю вытрымліваць што‑н. Рэспубліка задыхаецца ад франтоў, голаду і холаду. Барашка. Беларускае сялянства задыхалася ад беззямелля і малазямелля, ад памешчыцкай і кулацкай навалы. Івашын.
2. Паміраць ад недахопу паветра, ад дыму, удушлівых газаў. Заціснутая ў мураваны склеп ахвяра паступова задыхалася. «Работніца і сялянка». Марынчук не перапытваў. Нам і так было відаць, што яму цяжка дыхаць, не хапае паветра, ён проста задыхаецца. С. Александровіч.
зады́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць дыхаць.
задыхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся.
Зак. да задыхацца.
зады́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, ж.
Цяжкае частае дыханне (пры вялікай фізічнай нагрузцы або хваробе); дыхавіца. — Скажыце, дзе тут трактарны завод? — ледзь вымаўляючы ад задышкі словы, звярнуўся Васіль да [шафёра]. Кулакоўскі. Увайшоў дацэнт Садовіч — грузны, з задышкай, выкладчык супрамату. Карпаў.
задыя́к, ‑а, м.
Дванаццаць сузор’яў, праз якія Сонца праходзіць свой бачны шлях на працягу года.
•••
Знакі задыяка гл. знак.
[Ад грэч. zōdiakós (kyklōs) — звярыны круг.]
задыяка́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да задыяка, знаходзіцца ў задыяку. Задыякальныя сузор’і.