Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пацве́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго, з каго.

Злёгку дражніць, пасмейвацца з каго‑н. Люблю.. у ціхай завоіне амаль безыменнай палескай рачулкі пацвельваць канцом вудзільна вужа, што паўнаўладна плыве пад твой бераг. Брыль. Ды абзаводзіцца сынам Зоя ўсё адкладвала. У міліцыі з гэтага выпадку часам зубаскалы пацвельвалі з бяскрыўднага Косці. Даніленка.

пацверазе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які пацверазеў. У пацверазелай .. галаве [Васіля] прайшла ясная думка, што не на дабро дапытваюцца .. [бандыты] Ахрэма. Мележ.

пацверазе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць цвярозым, цверазейшым.

пацве́рджаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пацвердзіць.

пацве́рдзіцца, ‑дзіцца; зак.

Аказацца правільным, падмацавацца доказамі. Здагадкі пацвердзіліся. □ [Кацялёў]: — Я вам сказаў: многія факты ў выніку маёй праверкі пацвердзіліся. Шамякін.

пацве́рдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што і без дап.

Прызнаць правільнасць чаго‑н. (зробленай раней заявы, сказаных слоў і пад.). Старшы дзедаў сын Максім, нахмураны і сур’ёзны, панура пацвердзіў Панасавы словы. Колас. Усе пацвердзілі тое, што паведаміў Крук. Кавалёў. // Запэўніць, пераканаць у верагоднасці чаго‑н. Малашкін пацвердзіў, што Гусак злоўлены, але яшчэ знаходзіцца ў вобласці. Пестрак. // З’явіцца доказам правільнасці чаго‑н. І дзед прыглядаўся да зямлі, як бы шукаў даўнейшага вогнішча, каб пацвердзіла яно яго праўду. Колас.

пацвісці́, ‑цвіце; зак.

1. Зацвісці, пакрыцца цвіллю — пра ўсё, многае. — Бабка, глядзі, хлеб пацвіў! — у сваю чаргу паказваю я зеленаватую цвіль на .. скарынцы. Каліна.

2. Цвісці некаторы час (пра кветкі, дрэвы і пад.). — Пра атаву напомніць прасіла?.. — Голас дзеда цячэ ў цемнаце. — Маладую даўно пакасілі, А старая... Няхай пацвіце! Янішчыц.

пацвы́ркаць, ‑яе; зак.

Цвыркаць некаторы час.

пацвялі́цца, ‑цвялюся, ‑цвелішся, ‑цвеліцца; зак.

Разм. Цвяліцца некаторы час. Любіў .. [Міхал] базарны тлум, мнагалюддзе, любіў паштурхацца каля прылаўкаў, пацвяліцца з вострымі на язык цёткамі. Карпаў. Не было ніякага сумнення, што пара «месераў» толькі пацвялілася. Асноўная схватка наперадзе. Алешка.

пацвялі́ць, ‑цвялю, ‑цвеліш, ‑цвеліць; зак., каго.

Разм. Цвяліць некаторы час. Пацвяліць сабаку.