Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заўко́м, ‑а, м.

Заводскі камітэт прафсаюзнай арганізацыі. Член заўкома. Пасяджэнне заўкома.

заўко́мавец, ‑маўца, м.

Разм. Член, прадстаўнік заўкома.

заўко́маўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да заўкома, належыць яму. Заўкомаўская маёмасць.

заўлада́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Захапіць, узяць што‑н., завалодаць чым‑н. Нёс вораг няволю.. Хацеў ён Усёй заўладарыць зямлёй. Куляшоў.

заўлада́ць,

гл. завалодаць.

заўпа́рціцца, ‑рчуся, ‑рцішся, ‑рціцца; зак.

Разм. Пачаць упарціцца. // Праявіць непакорнасць, упартасць. — Маці тут жа хацела мяне забраць з сенажаці, але я заўпарціўся. Якімовіч.

заўсёдашні, ‑яя, ‑яе.

Які бывае заўсёды; пастаянны, звычайны. У цэху быў заўсёдашні рытм працы. Сабаленка. Бацька і маці звычайна спакойна выслухоўвалі дзеда — яго заўсёдашняя пахвальба была ім у прывычку. Лынькоў.

заўсёднік, ‑а, м.

Разм. Сталы наведвальнік чаго‑н. Варта іншаму скептыку разок-другі наведаць гарадскі клуб турыстаў, пагутарыць з яго заўсёднікамі, як, глядзіш, праз пэўны час і ў яго з’яўляюцца сімптомы дзіўнага «захворвання» — імя якому турызм. «Звязда». Акрамя харыстаў і заўсёднікаў бібліятэкі — хлопцаў і дзяўчат, на голас баяна прыйшлі маладзіцы і пажылыя жанчыны. «Беларусь».

заўсёдны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і заўсёдашні. Наперакор звычаю, .. [Івану] не прысніўся яго заўсёдны, пакутны сон. Быкаў.

заўсёды, прысл.

У любы час, кожны раз, пастаянна. Заўсёды, уначы і ўдзень, на рабоце і ў часе адпачынку, кожную секунду, [Лялькевіч і Пеця] стаялі перад яе вачамі, і за абодвух яна хвалявалася, перажывала. Шамякін. Палескія людзі заўсёды як героі змагаліся з усялякімі акупантамі на беларускай зямлі. Чорны.