Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

захадзі́ць, ‑джу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; зак.

Пачаць хадзіць.

за́хады, ‑аў; адз. няма.

Меры, якія‑н. дзеянні, накіраваныя на дасягненне пэўнай мэты. Рабіць захады. Прымаць захады. □ Смех і жарты не сціхалі хвілін пяць, нягледзячы на самыя знергічныя захады Ніны Іванаўны. Краўчанка.

заха́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць хакаць.

захалада́ць, ‑ае; зак., безас.

Разм. Стаць халадней; пахаладаць. Узняўся вецер, у лясах загуло, к вечару захаладала. Чорны. Зноў захаладала, нават падкінула сняжку трошкі; ночы былі ясныя, зорныя. Савіцкі.

захаладзе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які захаладзеў, стаў халодным; застылы. Захаладзелыя пальцы. □ Гукан.. стукаў кулаком па дне бутэлькі, каб выліць захаладзелы кефір. Шамякін.

захаладзе́ць, ‑ее; зак.

Разм.

1. Стаць халодным; застыць. Ногі захаладзелі.

2. Адчуць холад ад уздзеяння якога‑н. моцнага пачуцця. Ілонка штурхнула дзверы. Яны рыпнулі моцна і дзіка, так, што ў яе ажно захаладзела ўсё ўнутры. Хомчанка.

захаладзі́цца, ‑джуся, ‑лодзішся, ‑лодзіцца; зак.

Абл. Змерзнуўшы, прастудзіцца. — Я захаладзіўся і, мусіць, перанёс запаленне лёгкіх. Чорны.

захаладзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; зак., каго-што.

Абл. Змарозіўшы, прастудзіць. — Што гэта ў цябе, браце ты мой, з нагою? — Або захаладзіў, або падверадзіў, — адказаў Марцін. Чорны.

захалану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Абл. Замерці, пахаладзець. У Паходні аж сэрца захаланула ад радаснай нечаканасці. Хадкевіч. / у безас. ужыв. Ад радасці ў Рудзянкі аж захаланула ў грудзях. Новікаў.

захалу́сны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да захалусця; глухі, аддалены ад цэнтра. Кожнае, нават самае захалуснае паселішча гналася за электрычнасцю. Навуменка.