Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

закава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.

1. Надзець на каго‑н. кайданы, ланцугі, скаваўшы іх. Прыехалі жандары, закавалі Пархвена ў кайданы і адправілі ў Сібір на катаргу. Жычка. // перан. Пакарыць, зняволіць. Не танула песня ў моры. У агні не гарэла, Закаваць не мог у путы Сатрап азвярэлы. Купала. Няма яшчэ такіх кайданаў, Каб закаваць людское сэрца. Глебка.

2. перан. Пакрыўшы лёдам, зрабіць нерухомым; замарозіць. Падскочыў мароз і закаваў балоты і рэкі. Якімовіч. / у безас. ужыв. Закавала лёдам рэкі, Ручаёчкі — аж да дна. Ставер.

закаву́лак, ‑лка, м.

1. Невялікі глухі завулак. Па закавулках, з [ус]краін, у бок рыначнага вялізнага пляца, скрыпяць.. фурманкі. Бядуля.

2. Аддалены, глухі куток дзе‑н., у чым‑н.; закутак. Ён знае ўсе тут закавулкі І ўсе дарожкі ў гушчары. Колас.

закавы́ка, ‑і, ДМ ‑выцы; Р мн. ‑вык; ж.

Разм. Затрымка, перашкода ў чым‑н. Ды толькі вось дзе закавыка: Купіць зямлю — купіць не лыка, Тут грошы трэба. Колас.

закавы́рысты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Замыславаты, мудрагелісты. Закавырыстае пытанні. □ [Антон] любіў сказаць што-небудзь закавырыстае, а потым чакаць, пакуль не папросяць растлумачыць. Шахавец.

закавы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Тое, што і закавыка.

закадзі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе.

Зак. да кадзіраваць.

зака́дравы, ‑ая, ‑ае.

Які чуецца, вымаўляецца за кадрам; які знаходзіцца па-за кадрам. Закадравы дыктарскі тэкст.

закады́чны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вельмі блізкі, сардэчны (пра сябра, сяброўскія адносіны). Смалярня стала на некаторы час галоўным штабам двух закадычных прыяцеляў, Лабановіча і Тукалы. Колас. [Юзік] ахвотна згаджаўся з усім, з чым былі згодны яго закадычныя сябры Васіль і Міхась. Якімовіч.

закажане́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Недарослы з-за дрэннага догляду, запушчанасці; зачахлы, здрабнелы. На сялянскіх вазах дзядзькі прадавалі вялую бульбу, кавалак тонкага сала, закажанелае парася. Дамашэвіч.

закажане́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Спыніць рост, трапіўшы ў неспрыяльныя ўмовы; зачахнуць, здрабнець. Цяля закажанела. □ — Не падкармілі, Параска, палетак у час, закажанеў лён, — сказала Васіліна, не хаваючы сваёй нездаволенасці. Хадкевіч.