Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зайздро́сціць, ‑рошчу, ‑росціш, ‑росціць; заг. зайздросць; незак., каму-чаму.

Зведваць, перажываць пачуццё зайздрасці да каго‑, чаго‑н. Грузчыкі моўчкі паглядалі на Сяргея, моўчкі зайздросцілі яго спрыту і сіле. Адамчык. Ігнась зайздросціць Кольку: у яго ёсць дзед, а Ігнась свайго дзеда не помніць. Чарнышэвіч.

за́йка, ‑і, м.

Ласк. да заяц.

займа́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць займальнага. Займальнасць сюжэта.

займа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які выклікае цікавасць; забаўны. Займальная гульня. Займальны сюжэт. □ Героі мультыплікацый — пераважна разумныя, кемлівыя жывёлы і птушкі, яны такія займальныя ў сваіх паводзінах, што не толькі дзецям, але і дарослым цяжка адарвацца ад экрана. Філімонаў.

займа́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да заняцца ​1.

2. Весці работу, працаваць (пра школу, настаўнікаў і пад.). Школа займаюцца ў дзве змены. □ Пакуль што.. [Лабановіч] больш гуляе з дзецьмі, чым вучыць іх, — няхай прыбываюць да школы, асвойваюцца з вучнёўствам, паволі ўцягваюцца ў сваё новае жыццё. І ён займаецца толькі да абеду. Колас. // Вучыцца. Аляксей з сябрамі займаўся ў групе токараў. Даніленка.

3. Зал. да займаць.

займа́цца 2, ‑аецца.

Незак. да заняцца ​2.

займа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заняць.

займе́ннік, ‑а, м.

Часціна мовы, да якой адносяцца словы, што ўказваюць на прадметы, якасці, колькасць і набываюць канкрэтныя значэнні ў залежнасці ад зместу гаворкі. Асабовыя займеннікі. Неазначальныя займеннікі.

займе́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да займенніка. Займеннае скланенне. Займеннае прыслоўе.

займе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Абзавесціся кім‑, чым‑н., набыць каго‑, што‑н. Займець дзяцей. Займець карову. □ Апанас займеў сваю хату і крыху паставіў на ногі гаспадарку. Кавалёў. // Набыць, здабыць. Там жа, на Урале, Сцяпан займеў спецыяльнасць шахцёра. І працаваў не абы-як. Гроднеў.

2. Завесці, устанавіць. — Вось такі займець парадак у калгасе ўсюды можна! Броўка.

3. Адчуць (жаданне, ахвоту і пад.). Іра сама спынілася ля старэнькай форткі, і я зразумеў, што яна займела намер паглядзець маё халасцяцкае жытло. Сабаленка. І па суровай постаці Нялёгка зразумець, Якія словы вострыя І думкі ён займеў. Панчанка.

•••

Займець моду — тое, што і узяць моду (гл. узяць).

за́ймішча, ‑а, н.

Гіст. Заняцце свабоднага ўчастка зямлі пры першапачатковым засяленні, а таксама ўчастак, заняты такім чынам. // Месца, якое расчышчана і апрацоўваецца па-за грамадскім ворным полем.